2017-02-22 10:42:00

Францішак заклапочаны сітуацыяй у Паўднёвым Судане


Святы Айцец нагадаў аб патрэбе ў салідарнай дапамозе для пакутуючага ад голаду і канфліктаў народу Паўднёвага Судана. Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 22 лютага 2017 г. Францішак скіраваў адмысловы зварот.

“Асаблівую заклапочанасць выклікаюць балючыя навіны, якія прыходзяць з спакутаванага Паўднёвага Судану, дзе братазабойчы канфлікт спалучаецца з сур’ёзным харчовым крызісам, што асуджае на галодную смерць мільёны людзей, многія з якіх, дзеці. Сёння, як ніколі неабходныя намаганні ўсіх, каб не спыняцца толькі на дэкларацыях, але прадаставіць канкрэтную гуманітарную дапамогу і дазволіць, каб яна дайшла да спакутаванага насельніцтва. Няхай Пан падтрымлівае гэтых нашых братоў і тых, хто ім дапамагае”, - пажадаў Папа.

Аб голадзе ў некалькіх рэгіёнах Паўднёвага Судану абвясціла Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і мясцовыя ўлады. Паводле дадзеных Сусветнай харчовай праграмы ААН, амаль 100 тыс. жыхароў краіны могуць памерці ў бліжэйшы час, калі сюды не будзе дастаўлены дастатковы аб’ём гуманітарнай дапамогі. Усяго ў Паўднёвым Судане ад недаядання пакутуе 40% насельніцтва, а гэта амаль 5 млн чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.