2017-02-23 11:28:00

Былы кіраўнік ватыканскіх СМІ атрымаў узнагароду Францыі


Былы кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы і цяперашні старшыня “Ватыканскага фонду Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI” кс. Фэдэрыка Ламбардзі атрымаў найвышэйшую ўзнагароду французскага ўраду: Ордэн Ганаровага легіёна. Такім чынам было адзначана служэнне народу, культуры і мове Францыі, якое кс. Ламбардзі ажыцяўляў, працуючы ў ватыканскіх медыя-структурах.

Цырымонія ўручэння ўзнагароды прайшла 22 лютага 2017 г. ў Рыме, у пасольстве Францыі пры Апостальскай Сталіцы. У сваёй прамове кс. Ламбардзі нагадаў, што вырас недалёка ад мяжы з гэтай краінай і з самага маленства быў знаёмы з яе культурай. “Я заўсёды адчуваў Францыю першай сястрой маёй краіны, вельмі блізкай і ўмілаванай зямлёй”, - прызнаўся ён.

Прымаючы ўзнагароду святар выказаў падзяку ўсім былым калегам з Ватыканскага радыё, Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра і Залы Друку Апостальскай Сталіцы, якія доўгі час узначальваў, а таксама французскім журналістам, з якімі яму даводзілася супрацоўнічаць. 

Кс. Фэдэрыка Ламбардзі нарадзіўся ў 1942 г. у горадзе Салуца, на поўначы Італіі. З 1990 па 2016 г. ён быў генеральным дырэктарам Ватыканскага радыё, з 2001 па 2013 г. генеральным дырэктарам Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра і з 2006 па 2016 г. – кіраўніком Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Акрамя французскага Ордэна Ганаровага легіёна, езуіт з’яўляецца кавалерам Вялікага крыжа ордэна “За заслугі перад Італьянскай Рэспублікай” і Гранд-афіцэрам партугальскага Ордэна Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.