2017-02-23 15:28:00

Папа сустрэўся з ініцыятарамі новага выдання Торы


Пра духоўны сэнс Святога Пісання, асабліва Торы – першых пяці кніг Бібліі, – і пра хрысціянска-юдэйскі дыялог казаў Францішак 23 лютага 2017 г. у Ватыкане падчас аўдыенцыі для свайго “брата і сябра”, як сказаў сам Папа, рабіна Абрагама Скоркі і групы, якая падрыхтавала новае выданне Торы.

Вітаючы гасцей, Папа спаслаўся на словы свайго папярэдніка, св. Яна Паўла II, які назваў Тору “жывым навучаннем жывога Бога”. Ён адзначыў, што гэта кніга паказвае айцоўскую любоў Бога, што зыходзіць з глыбіні і становіцца запаветам.

Затым Святы Айцец падкрэсліў, што слова “запавет” злучае хрысціян і юдэяў. “Бог з’яўляецца самым вялікім і самым верным партнёрам запавету. Ён паклікаў Абрагама, каб учыніць з яго народ, якія стане благаслаўленнем для ўсіх народаў зямлі. Бог хоча такі свет, у якім мужчыны і жанчыны жылі б з ім паводле запавету, і, такім чынам, прабывалі ў гармоніі адно з адным і з стварэннем”, - сказаў Францішак. Ён дадаў, што новае выданне Торы з’яўляецца плёнам “запавету” паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў, узростаў і рэлігійных перакананняў, якія аб’ядналіся ў агульных намаганнях.

Францішак лічыць, што братэрскі і інстытуцыянальны дыялог паміж юдэямі і хрысціянамі ў цяперашні час добра арганізаваны і эфектыўны, дзякуючы пастаяннаму супрацоўніцтву. І новае выданне Торы з’яўляецца часткай гэтага дыялогу, яго адлюстраваннем не толькі словамі, але і жэстамі. Папа падкрэсліў, што кожнае выданне Святога Пісання мае духоўнае значэнне, якое выходзіць далёка за межы яго матэрыяльнай каштоўнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.