2017-02-23 12:20:00

Францішак: не адкладаць навяртання на потым


Не спакушаць “малых” падвойным жыццём і не адкладаць навяртання на потым, заклікаў папа Францішак 23 лютага 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік спаслаўся на словы Езуса з евангельскага літургічнага чытання: “Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора” (Мк 9,42).

“Адсячы сабе руку”, “вырві сабе вока”, але не спакушай малых, гэта значыць справядлівых, якія давяраюць Пану і вераць у Яго проста, сказаў Папа. Ён заўважыў, што сапраўдным спакушэннем з’яўляецца разыходжанне паміж словамі і ўчынкамі.

Спакуса – гэта казаць адно, а рабіць іншае. Гэта, калі асоба прымае ўдзел у св. Імшы, удзельнічае ў жыцці каталіцкай асацыяцыі і адначасова вядзе нехрысціянскае жыццё, якое можа праяўляецца розным чынам: хтосьці не плаціць справядлівага заробку сваім падначаленым, хтосьці эксплуатуе людзей, вядзе “брудныя” справы, адмывае грошы, падкрэсліў Папа.

Па яго словах, сярод католікаў шмат тых, хто вядзе такое жыццё, і гэта спакушае іншых. Калі людзі бачаць такіх, яны кажуць: “Лепш быць атэістам, чым католікам, як гэты”. Пантыфік падкрэсліў, што такіх вернікаў Хрыстус “не пазнае” пасля смерці, нават нягледзячы на іх вялікія ахвяраванні на патрэбы Касцёла, якія, насамрэч, з’яўляюцца грашыма, скрадзенымі ў бедных.

“Усім нам будзе карысна падумаць сёння, ці ёсць у нас штосьці ад падвойнага жыцця, ці жадаем толькі здавацца справядлівымі, добрымі вернікамі, добрымі католікамі, а насамрэч рабіць іншае?”, - параіў Папа і заклікаў не забывацца, што Бог вельмі строгі да тых, хто вядзе падвойнае жыццё. 








All the contents on this site are copyrighted ©.