2017-02-25 12:21:00

Папа: святары – галоўныя духоўныя спадарожнікі сужонкаў


“Вы закліканы быць спадарожнікамі для кожнай асобы і ў кожнай сітуацыі, каб сведчыць і падтрымліваць”, - звярнуўся Францішак 25 лютага 2017 г. да ўдзельнікаў фармацыйных курсаў для пробашчаў па новых нормах “сужэнскага працэсу”. Адукацыйны форум праходзіў у Рыме 22-25 лютага 2017 г. па ініцыятыве Трыбунала Рымскай Роты.

Пантыфік падкрэсліў важнасць добрай падрыхтоўкі святароў у гэтай сферы, бо менавіта яны маюць штодзённыя стасункі з сем’ямі, часта з’яўляюцца першымі суразмоўцамі маладых асоб, якія жадаюць стварыць сям’ю, і першымі, да каго звяртаюцца сужонкі, якія перажываюць крызіс у адносінах.

Святы Айцец запрасіў душпастыраў нагадваць сямейным парам, што “сужэнства – гэта створаны для нас Богам вобраз, у якім увасабляецца ідэальны саюз Айца, Сына і Духа Святога”. “Любоў адзінага Бога ў Трох Асобах і любоў паміж Езусам і Касцёлам няхай будуць цэнтрам катэхез і евангелізацыі для сужонкаў”, - пажадаў Францішак.

Папа залікаў глядзець “з пяшчотай і спагадай” на асоб, якія аддаюць перавагу сумеснаму пазашлюбнаму жыццю, прымаць і сустракацца з імі. “З духоўнага і маральнага пункту гледжання яны знаходзяцца сярод бедных і малых, для якіх Каталіцкі Касцёл, па слядах свайго Настаўніка і Пана, хоча быць Маці, якая не пакідае, а набліжаецца і праяўляе клопат”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што душпастыры з’яўляюцца галоўнымі супрацоўнікамі Трыбуналу Рымскай Роты ў рэалізацыі ўскладзенага на яго задання: “здзяйсняць сапраўдны катэхуменат для будучых сужонкаў, які б уключаў усе этапы гэтага сакрамэнтальнага шляху: падрыхтоўку да шлюбу, яго заключэнне і суправаджэнне на працягу першых гадоў сумеснага жыцця”.








All the contents on this site are copyrighted ©.