2017-02-25 13:45:00

Святы Айцец пра важнасць рэалізацыі права чалавека на ваду


“Ці не набліжаемся мы да вялікай сусветнай вайны за ваду?” – выказаў занепакоенасць папа Францішак, выступаючы на навуковай канферэнцыі, прысвечанай праву чалавека на ваду. Семінар, арганізаваны Папскай акадэміяй навук, прайшоў 24 лютага 2017 г. у Ватыкане.

Праблема недахопу пітной вады – найкаштоўнейшага рэсурсу планеты – настолькі драматычная, што Пантыфік звязвае яе з феноменам “фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны нашага часу”. “Лічбы, якія агучвае ААН, ашаламляльныя і не могуць пакінуць нас абыякавымі: тысячы дзяцей паміраюць штодня па прычыне хвароб, звязаных з вадой; мільёны чалавек спажываюць забруджаную ваду”, - нагадаў Францішак. “Неабходна спыніць і змяніць гэтую сітуацыю. Яшчэ не позна, аднак трэба тэрмінова ўсвядоміць існуючую патрэбу ў вадзе і яе жыццёва важную каштоўнасць для дабрабыту чалавецтва”.

Вада з’яўляецца пачаткам усяго, нагадаў Святы Айцец, робячы спасылку на Кнігу Быцця. Таму “пытанне, аб якім ідзе гаворка, фундаментальнае і вельмі тэрміновае”, падкрэсліў ён. “Фундаментальнае, бо дзе ёсць вада, там ёсць жыццё”, тэрміновае – “бо наш агульны дом мае патрэбу ў ахове”. У сувязі з гэтым ён заклікаў краіны надаваць пытанням гігіены і забеспячэння насельніцтва пітной вадой належную ўвагу на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі.

На думку Папы, паважлівае стаўленне да водных рэсурсаў з’яўляецца “ўмовай рэалізацыі іншых правоў чалавека”. Таму патрэбна развіваць “культуру клопату і сустрэчы, у якой ядналіся б неабходныя намаганні навукоўцаў і прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў улады і палітыкаў”. Тады “не будзе больш асобных і ізаляваных галасоў – будзе крык брата, які гучыць сярод нас, крык Зямлі, якая просіць павагі і адказнага сумеснага карыстання рэсурсамі, якія належаць усім”.








All the contents on this site are copyrighted ©.