2017-02-27 15:04:00

Святы Айцец супраць свайго вобразу на манетах еўра


Францішак не хоча, каб яго вобраз змяшчалі на ватыканскіх еўра, паколькі яму не падабаецца культ асобы, лічыць Маўра Аліўеры, кіраўнік ватыканскага Нумізматычна-філатэлістычнага аддзелу. Аб тым, што ў новай эмісіі на 2017 г. на манетах будзе віднецца толькі папскі герб стала вядома ў мінулым месяцы. 

Святы Айцец выказваўся супраць сваёй выявы на манетах яшчэ два гады таму, распавёў спадар Аліўеры і дадаў, што для структуры, якую ён узначальвае, жаданне Пантыфіка з’яўляецца абавязковым, хоць людзям, канешне, больш падабаюцца манеты з выявай Папы.

Гаворка ідзе не пра першы ў гісторыі выпадак, калі Папа адмаўляецца ад сваёй выявы на манетах. У 1975 г. аналагічнае жаданне выказаў Павел VI. Герб больш атаясамліваецца з пантыфікатам, чым патрэт, які можа быць падобным, а можа і не, заўважыў кіраўнік Нумізматычна-філатэлістычнага аддзелу.

Эмісія ватыканскіх еўра пачалася 15 гадоў таму – у сакавіку 2002 г. Вобраз Пантыфікаў аздабляў манеты ад аднаго цэнта да двух еўра і яны заўсёды карысталіся вялікай цікавасцю сярод калекцыянераў. Ватыкан не мае свайго эмісійнага цэнтра, гэтыя функцыі ўскладзены на Манетны Двор Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.