2017-02-28 14:51:00

Святы Айцец даў інтэрв’ю газеце італьянскіх бяздомных


 

Бедныя, бяздомныя, мігранты і міласціна былі галоўнымі тэмамі вялікага інтэрв’ю, якое Святы Айцец даў італьянскай вулічнай газеце “Scarp de' tenis” (Абутак для тэніса). Пантыфік адзначыў, што важна вучыцца адчуваць сябе ў “ботах іншага чалавека”, што нялёгка, таму што “часта мы – рабы эгаізму”, “аддаем перавагу словам”, а не канкрэтным учынкам. Ён заклікаў быць больш адкрытымі да бедных і дадаў, што ў трушчобах больш салідарнасці, чым у цэнтральных гарадскіх кварталах.

Сустракаючы бяздомных Папа заўсёды вітаецца і пытаецца як справы, бо тады, паводле яго слоў, “яны адразу разумеюць, што па-сапраўднаму цікавяць мяне”. Ён распавёў, што падчас служэння ў Буэнас-Айрэсе ў яго нават на хвіліну не нараджалася думкі прагнаць пару бяздомных, якія жылі на прыступках біскупскай рэзідэнцыі, хоць некаторыя часта казалі, што тыя “забруджваюць курыю”. Францішак перакананы, што сапраўдны “бруд” можа быць унутры чалавека, а бяздомныя маюць годнасць.

Папа задаволены тым, што многія парафіі адгукнуліся на яго нядаўні заклік прыняць бяздомных на час моцных маразоў. Ён адзначыў важнасць міласціны, а тым, хто не жадае даваць грошы жабракам, бо яны потым купляюць віно, Францішак параіў падумаць, што “напэўна кубак віна з’яўляецца адзінай радасцю, якая ў іх засталася ў жыцці”.

Гаворачы пра праблему мігрантаў Папа адзначыў, што землі іх родных краін эксплуатуюцца багатымі дзяржавамі, не атрымліваючы належных інвестыцый. Францішак адзначыў важнасць інтэграцыі бежанцаў і паставіў у прыклад міграцыйную палітыку Швецыі. 

Газета “Scarp de' tenis” распаўсюджваецца бяздомнымі і выдаецца пры падтрымцы каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Caritas”, з мэтай падтрымкі гэтых людзей і змены адносін грамадства да іх.








All the contents on this site are copyrighted ©.