2017-02-28 15:46:00

Кардынал-прэфект пра эмацыйнае і фактычнае адзінства з Папам


Жыць міласэрнасцю, значыць жыць Евангеллем ва ўсёй яго паўнаце. Бог не бяздушны заканадаўца, але Той, хто заўсёды побач, сказаў кардынал Герхард Людвіг Мюлер у інтэрв’ю італьянскай газеце “La Repubblica”.

На пытанне, ці ў праблеме св. Камуніі для разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах Папа патрабуе новага кроку, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння сказаў: “У нас ёсць дакладнае пасланне Езуса і Святога Пісання аб асновах сужэнства ў збаўчай Божай волі. Сацыялагічныя дэтэрмінанты змяняюцца, але трэба таксама памятаць, што існуюць розныя віды антрапалогіі, нязгодныя з нашай, заснаванай на Слове Божым. Неабходна абвяшчаць Евангелле без скажэнняў. Францішак хоча, каб Божы народ адчуваў блізкасць Добрага Пастыра ў пропаведзі і сведчанні хрысціянскага жыцця”.

Адказваючы на пытанне, ці Пантыфік мае праціўнікаў у Рымскай курыі, кардынал Мюлер запэўніў, што ўсе вывучалі тэалогію і ведаюць, якую місію мае Папа і якое ён мае значэнне для кожнага. “Мы жывем у эмацыйным і фактычным адзінстве з Францішкам. На жаль, некаторыя сродкі масавай інфармацыі заўважаюць толькі натуральныя адрозненні ў меркаваннях, а не гэту вялікую гармонію”, - сказаў кіраўнік найбольш важнай дыкастэрыі Рымскай курыі. Іерарх таксама прызнаў, што некаторыя з медыя спрабуюць супрацьпаставіць яго да Пантыфіка, чаго ён, аднак, ні ў якім разе не падзяляе. “Усе мы служым справе Папы, супрацоўнічаем, каб служыць яго місіі”, - сказаў кардынал Мюлер.

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння пракаментаваў таксама сітуацыю з прадухiленнем злоўжыванняў у дачыненні да непаўналетніх. Ён падкрэсліў, што Касцёл, у адрозненне ад многіх іншых інстытутаў, паслядоўна рэалізуе прынцып “нулявой талерантнасці” да злачынцаў, і ў адрозненне ад свецкага правасуддзя не прызнае ў такіх выпадках тэрміну даўнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.