2017-02-28 14:23:00

Рэакцыя Святога Пасаду на эўтаназію вядомага музыканта


З вялікім сумам старшыня Папскай акадэміі жыцця, арцыбіскуп Вінчэнца Палья ўспрыняў вестку аб эўтаназіі, якую ажыццявіў у Швейцарыі вядомы італьянскі DJ Fabo, 39-гадовы Фабіяна Антаніяні, цалкам паралізаваны і сляпы ў выніку аўтамабільнай аварыі ў 2014 г. Навіна атрымала ў Італіі шырокі рэзананс. 

Пасля звароту да італьянскіх уладаў – у тым ліку да прэзідэнта і парламента – дазволіць памерці з годнасцю, Антаніяні адправіўся ў Швейцарыю, дзе памёр у панядзелак раніцай ад смяротнай ін’екцыі.

У заяве для грамадскага радыё “RAI” ватыканскі ерарх сказаў, што эпізод гэтай сумнай гісторыі з’яўляецца паразай усіх: “таго, хто прыходзіць да высновы, што даўжэй гэтага не вытрымае, але і ўсяго грамадства, якое пакідае шлях любові, каб ісці па шляху адмовы”. На пытанне, ці праблемы такога тыпу можна рэгулявацца законам, арцыбіскуп Палья сказаў, што на яго думку гэта немагчыма.

“Паўтару тое, што колішні Прэзідэнт Францыі Мітэран адказаў на тое ж пытанне: усё сваё жыццё я змагаўся за адмену смяротнага пакарання i не хачу, каб яно вярнулася “праз акно”. Закон аб эўтаназіі абмежаваў бы да чатырох сухіх радкоў складаныя сітуацыі, якія маюць месца ў нашай краіне і па ўсім свеце. Гэта было б перамогай менталітэту адчужэння, ад якога не перастае перасцерагаць папа Францішак”, - сказаў арцыбіскуп Палья.








All the contents on this site are copyrighted ©.