2017-02-28 12:19:00

Францішак: ісці за Богам, Які дае сапраўднае багацце


Ісці за Богам, Які дае сапраўднае багацце, заклікаў папа Францішак 28 лютага 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Пантыфік нагадаў пра “поўню”, якую чалавек атрымлівае ад Бога ў дар і якая знаходзіць сваю кульмінацыю ў крыжы.

Францішак падкрэсліў, што перад Вялікім постам Касцёл запрашае вернікаў паразважаць аб адносінах паміж Богам і зямнымі багаццямі. Ён нагадаў евангельскае апавяданне пра сустрэчу Езуса з багатым юнаком, які жадаў ісці за Ім, але зрабіў выбар на карысць матэрыяльнага дабрабыту. Каментар Езуса крыху спалохаў вучняў: “Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае”, заўважыў Пантыфік.

Падчас св. Імшы чытаўся евангельскі ўрывак (Мк 10, 28-31), у якім апостал Пётр пытаецца ў Хрыста пра тое, што атрымаюць тыя, хто дзеля Яго пакінуў усё. Здаецца, што Пётр выстаўляе рахунак Пану, заўважыў Францішак. Адказ жа Езуса быў ясным: “няма нікога, хто б пакінуў усё і не атрымаў бы ўсё”. “Пан не ўмее даваць менш, чым усё. Калі дорыць штосьці, дорыць самога сябе, гэта значыць усё”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Тым не менш у Евангеллі ёсць словы, якія прымушаюць задумацца: хто пакіне ўсё, атрымае ў сто разоў больш “сярод пераследу”. Яны ўводзяць у іншы спосаб мыслення і дзеяння. Езус дае ўсяго сябе, бо з’яўляецца поўняй Бога, якая “знішчае” сябе на крыжы. “Гэта дар Бога – знішчаная поўня. І гэта стыль хрысціяніна: шукаць поўні, атрымліваць знішчаную поўню і ісці гэтым шляхам”, - сказаў Папа. 

Паводле Францішка, такім вернікам заўсёды будзе спадарожнічаць радасць. Евангельскі багаты юнак адышоў маркотны, бо аказаўся няздольным прыняць знішчаную поўню. Адваротны прыклад далі многія святы, якія прымалі яе і нават перад абліччам выпрабаванняў і цяжкасцяў захоўвалі радасць у сэрцы.

Францішак паставіў у прыклад чылійскага святога, Альбэрта Хуртада, які шмат клапаціўся пра бедных і падвяргаўся пераследу, але заўсёды заставаўся шчаслівым і за ўсё дзякаваў Богу. “Няхай ён нас навучыць ісці гэтым шляхам, няхай дасць нам ласку ісці гэтым складаным шляхам “усяго і нічога”, знішчанай поўні Езуса Хрыста. Навучыць заўсёды казаць, асабліва ў цяжкасцях: “Я шчаслівы, Пане, я шчаслівы!”, - завяршыў гамілію Святы Айцец. 








All the contents on this site are copyrighted ©.