2017-03-02 12:22:00

Францішка запрасілі прыехаць у Егіпет


Святы Айцец быў запрошаны ў Егіпет і ў адзін цудоўны дзень знойдзе спосаб для таго, каб паехаць туды, запэўніў старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Кардынал Жан-Луі Таран толькі што вярнуўся з Каіра, дзе прыняў удзел у сустрэчы ў рамках дыялогу паміж Святым Пасадам і Ісламскім універсітэтам “Аль-Азхар”. 

Іерарх выказаў упэўненасць у тым, што паездка Папы ў Егіпет не толькі падтрымае мясцовы Касцёл, але і стане стымулам для міжрэлігійнага дыялогу, асабліва для таго, якому спрыяе “Аль-Азхар”.

Вяртаючыся да аднаўлення сувязяў з гэтым ісламскім універсітэтам, кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі падкрэсліў, што адукацыя моладзі мае першараднае значэнне ў міжрэлігійным дыялогу. Гэта таксама азначае неабходнасць ўнясення неабходных карэктыў у школьныя падручнікі. “Не можа быць так, што мы вядзём дыялог у вялікім сяброўстве і братэрстве, а ў той жа час, дзеці ў школах даведваюцца, што хрысціяне – гэта няверныя”, - падкрэсліў кардынал Таран.

Святы Пасад даўно вядзе дыялог з мусульманскімі інтэлектуаламі, але ў 2011 г. ён быў прыпынены па ініцыятыве “Аль-Азхар”. Універсітэт інтэрпрэтаваў як удар па ісламу заявы Бэнэдыкта XVI.

“Аль-Азхар”, гэта адзін са старэйшых універсітэтаў і самых прэстыжных мусульманскіх вышэйшых навучальных устаноў у свеце. Ён быў заснаваны ў Каіры ў 988 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.