cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Каментарыі

Папскі пасланнік у Меджугор’е – у чэрвені справаздача

Папскі пасланнік у Меджугор’е – у чэрвені справаздача - AFP

03/03/2017 12:53

Меджугор’е з’яўляецца месцам харызматычным, куды людзі едуць з прыватнымі пілігрымкамі, і гэта факт. Гаворка ідзе пра аптымізацыю душпастырскага клопату пра пілігрымаў, сказаў арцыбіскуп Генрык Хосэр падчас сустрэчы з журналістамі. Папа Францішак прызначыў 11 лютага 2017 г. арцыбіскупа Варшаўска-Пражскага сваім спецыяльным пасланнікам у Меджугор’е для для вывучэння мясцовай душпастырскай сітуацыі.

Яго місія – як падкрэсліваецца ў ватыканскім паведамленні – накіравана, апрача таго, на прапанову неабходных душпастырскіх ініцыятыў.

Так адбываецца, што Меджугор’е, гэта асаблівае месца пілігрымавання вернікаў, з іншага боку, Апостальская Сталіца да гэтага часу не вынесла рашэння па сапраўднасці аб’яўленняў, у якіх удзельнічалі шэсць маладых людзей. Праблема заключаецца ў тым, што некаторыя з іх сцвярджаюць, што маюць аб’яўленні па сённяшні дзень – штодня, штотыдзень або штомесяц. Хтосьці налічыў ужо 40 тыс. такіх аб’яўленняў, звярнуў увагу польскі іерарх. Ён нагадаў, што на гэтым фоне паўстала некалькі канфліктаў, у прыватнасці, паміж мясцовымі францішканамі і дыяцэзіяй Мостар. Яе біскуп Ратка Перыч апублікаваў на днях артыкул, у якім ставіць пад сумнеў сапраўднасць і звышнатуральны характар аб’яўленняў.

Візіт арцыбіскупа Хосэра ў Меджугор’е пачнецца ў канцы сакавіка. Папскі пасланнік сустрэнецца, у прыватнасці, з Апостальскім нунцыем у Босніі і Герцагавіне, арцыбіскупам Луіджы Пецута; арцыбіскупам Сараева, кардыналам Вінка Пулічам; біскупам Мостара Ратка Перычам. Не выключаны сустрэчы з іншымі біскупамі.

Другі этап візіту іерарха пройдзе ў самім Меджугор’і і ўключыць размовы з францішканамі, якія там знаходзяцца. Гэта стане магчымасцю азнаёміцца з душпастырскай дзейнасцю, пачуць усе меркаванні і зрабіць некаторыя высновы. Арцыбіскуп не плануе размоў з асобамі, якія сцвярджаюць, што маюць аб’яўленні, бо гэта – як было падкрэслена на прэс-канферэнцыі – не ўваходзіць у сферу яго місіі. Гаворка ідзе аб дакладным вызначэнні, якім чынам дзейнасць і прысутнасць “візіянераў” уплывае на душпастырскія пытанні і літургію. 

Справаздача папскага пасланніка павінна быць зроблена да чэрвеня 2017 г. 

Меджугор’е знаходзіцца ў дыяцэзіі Мостар у Босніі і Герцагавіне. Па словах мясцовых “візіянераў”, 24 чэрвеня 1981 г. ім стала аб’яўляцца Маці Божая, перадаючы пасланні. Гэтыя “аб’яўленні” працягваюцца па сённяшні дзень. Яны не звязаны з канкрэтным месцам, бо адбываюцца і за межамі Меджугор’я. Менавіта беспрэцэдэнтная ў гісторыі працягласць такога роду з’яў і іх незавершанасць з’яўляюцца галоўнымі прычынамі, чаму Касцёл не выказваецца канчаткова на тэму іх характару. Да гэтага часу Апостальская Сталіца прызнае сапраўднай пазіцыю епіскапату былой Югаславіі з 1991 г., згодна з якой не можна пацвердзіць звышнатуральнасць з’яў з Меджугор’я.

18 студзеня 2014 г. завяршыла працу міжнародная камісія па вывучэнні меркаваных марыйных аб’яўленняў пад старшынствам італьянскага кардынала Каміла Руіні. Вынікі яе працы пакуль не апублікаваны.

Кожны год у Меджугор’е прыбывае каля 2 млн. чалавек.


03/03/2017 12:53