2017-03-03 13:29:00

Пантыфік: Што такое сапраўдны пост?


Што такое сапраўдны пост, – распавёў папа Францішак 3 сакавіка 2017 г. у сваёй гаміліі падчас ранішняй св. Імшы. Яна прайшла ў капліцы ватыканскай рэзідэнцыі Пантыфіка – Дому св. Марты. 

Ён адзначыў, што сённяшнія літургічныя чытанні (Іс 58,1-9; Мц 9,14-15) кажуць пра пост, пра учынкі пакаяння, якія набліжаюць да Бога. Ён нагадаў словы псальма (51,19): “Сэрцам зламаным і пакорным Ты, Божа, не пагарджаеш”.

Спасылаючыся на першае чытанне з кнігі прарока Ісаі, Францішак падкрэсліў, што Бог папракае крывадушных людзей, якія посцяць і ў той жа час клапоцяцца пра свае справы, прыгнятаюць рабочых: “Вось посціце вы дзеля спрэчак і сварак і б’еце грэшным кулаком”. З аднаго боку, яны каяцца, а з другога, сеюць несправядлівасць. Папа адзначыў, што гэта адносіцца і да сённяшняй сітуацыі, калі хтосьці сцвярджае, што ён вернік, а сам эксплуатуе людзей. Ён нагадаў пра сітуацыю, што здарылася з былым генералам езуітаў, айцом Пэдра Арупэ, калі той, як місіянер у Японіі атрымаў сродкі на евангелізацыю ад багатага прадпрымальніка, які прыбыў з фатографам і журналістам. У рэшце рэшт, аказалася, што ў канверце было усяго 10 долараў.

“І мы робім так, калі не плацім заработнай платы нашым супрацоўнікам. З нашага пакаяння, жэстаў посту, малітвы і міласціны мы бярэм хабар: гэта хабар ганарыстасці і паказухі. Гэта не шчырасць, гэта крывадушнасць. Вось чаму Езус сказаў: “Калі моліцеся, рабіце гэта ў таямніцы, калі даеце міласціну, не трубіце аб гэтым, калі посціце, не будзьце смутнымі”. Гэта так, калі б ён сказаў: “Я прашу вас, калі вы робіце добрую справу, не бярыце ад яе хабару, няхай гэты ўчынак будзе толькі для майго Айца”, - пракаментаваў Святы Айцец.

Ён працытаваў словы прарока Ісаі, дзе Бог кажа да крывадушнікаў пра тое, што з’яўляецца сапраўдным постам, і падкрэсліў іх актуальнасць: “Ці ж не такі ёсць пост, які Я выбраў: разарваць кайданы беззаконня, развязаць путы ярма, адпусціць на свабоду прыгнечаных і разбіць усялякае ярмо? Ці ж гэта не тое, каб дзяліцца з галодным хлебам сваім, пускаць у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, каб апрануць яго і ад роднага свайго не хавацца?”

Папа запрасіў вернікаў падумаць на гэтымі словамі і задаць сабе пытанне аб нашым посце, малітве і міласціне. Варта таксама падумаць аб тым, што адчувае чалавек пасля вячэры, якая каштавала 200 еўра, і, вяртаючыся дадому, бачыць галоднага, і не гледзячы на яго ідзе далей, завяршыў сваю гамілію Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.