2017-03-05 13:49:00

Францішак: заглядаць у Біблію так часта, як у смартфон


Да частага чытання Бібліі, што змяшчае Слова Божае, заўсёды актуальнае і дзейснае, заклікаў папа Францішак 5 сакавіка 2017 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. “У гэтую першую нядзелю Вялікага посту Евангелле ўводзіць нас на шлях да свята Вялікадня, паказваючы Езуса, які заставаўся на пустыні 40-к дзён і быў выпрабаваны д’яблам (Мц 4,1-11). Гэтае адбылося ў акрэсленым моманце жыцця Езуса: зараз пасля хросту ў рацэ Ярдан і перад пачаткам публічнай дзейнасці. Ён толькі што атрымаў ўрачыстае пасвячэнне: Святы Дух зышоў на Яго і Айцец з нябёсаў прамовіў: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў” (Мц 3, 17). Хрыстус гатовы пачаць сваю місію. Таму, што меў заўзятага ворага, значыць сатану, Ён адразу з ім пачаў змагацца. Д’ябал звяртаецца да Яго, называючы “Сынам Божым”, каб аддаліць Езуса ад выканання сваёй місіі. “Калі Ты Сын Божы...”, паўтарае ён і прапануе Езусу здзейсніць цудоўныя жэсты, як чараўніку, такія як ператварыць камяні ў хлеб, каб злагодзіць свой голад ці кінуцца з крыла святыні і быць выратаваным анёламі.  Пасля гэтых дзвух спакус, было і трэцяе выпрабаванне: пакланіцца яму, д’яблу, каб мець уладу над светам (Мц 4,9).

Пры дапамозе гэтых трох выпрабаванняў сатана хоча адцягнуць Езуса ад шляху паслухмянасці і прыніжэння – бо ведае, што такім шляхам зло будзе пераможана – і імкнецца завесці Хрыста на фальшывы, кароткі шлях да поспехаў і славы. Але ўсе атрутныя стрэлкі д’ябла былі “абароненыя” Езусам шчытом Божага Слова (Мц 4.7.10), якое выказвае волю Айца. Езус не сказаў ніводнага слова: адказваў толькі Словам Божым.Такім чынам Сын Божы, поўны сілы Святога Духа, выйшаў з пустыні пераможцам .

На працягу сарака дзён Вялікага посту, як хрысціяне мы пакліканы ісці па слядах Езуса і змагацца ў духоўнай барацьбе з д’яблам сілай Божага Слова. Слова Божае мае сілу, каб перамагчы д’ябла. Для гэтага неабходна пазнаёміцца з Бібліяй: трэба часта яе чытаць, разважаць над ёй і засвойваць яе. Біблія змяшчае Слова Божае, якое заўсёды актуальнае і дзейснае. Нехта сказаў: што здарылася б, калі б мы ставіліся да Бібліі так як да сваіх мабільных тэлефонаў?  Калі б мы насілі заўсёды яе з сабой, або прынамсі маленькае кішэннае Евангелле, што здарылася б? Калі б мы па яе вярталіся,у выпадку забыцця , бо калі ты забываеш мабільны тэлефон, вяртаешся, каб яго адшукаць. Калі б мы яе адкрывалі пару разоў на дзень і чыталі пасланні Бога змешчаны ў Бібліі так як мы чытаем пасланні ў тэлефоне. ... Што здарылася б? Зразумела параўнанне парадаксальнае, але дае шмат да роздумаў.  Сапраўды, калі б мы заўсёды мелі ў сваім сэрцы Слова Божае, ніякае выпрабаванне не змагло б нас аддаліць ад Бога і ніякая перашкода не змагла б нас адцягнуць ад шляху дабра; мы ведалі б, як пераадолець штодзённыя прапановы зла, якое ёсць ў нас і вакол нас. Мы былі б больш здольнымі перажываць жыццё уваскрослага паводле  Святога Духа, прымаючы і любячы нашых братоў, асабліва найбольш слабых і патрабуючых і таксама нашых ворагаў.

Няхай Панна Марыя, ікона дасканалай паслухмянасці Богу і безумоўнага даверу да Яго волі, падтрымлівае нас на нашым велікапостным шляху, каб мы пакорна слухалі Слова Божае і здзейснілі сапраўднае навяртанне сэрца”, - сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў з розных краін свету і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.