cацыяльныя сеткі:

RSS:

App:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Прадстаўнікі Святога Пасаду ўзнагароджаны ордэнам Скарыны

Прадстаўнікі Святога Пасаду ўзнагароджаны ордэнам Скарыны

07/03/2017 14:23

Прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы былі ўзнагароджаны ордэнам Францішка Скарыны. Адпаведны ўказ падпісаў 7 сакавіка 2017 г. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. 

Былы Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці і былы дырэктар Ватыканскіх музяў Антоніа Паолучы ўдастоены дзяржаўнай узнагароды за значны асабісты ўклад у развіццё культурнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Святым Пасадам.

Гэтыя дзве асобы непасрэдна прычыніліся да арганізацыі і правядзення выставы беларускага сакральнага мастацтва ў Ватыкане “Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў”, што праходзіла з 19 мая да 25 ліпеня 2016 г. і стала першай у гісторыі такога роду ініцыятывай з Усходняй Еўропы ў Ватыканскіх музеях. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены сакральныя выявы, створаныя ў розныя гістарычныя перыяды, найбольш значныя творы беларускай мастацкай традыцыі. Усяго ў экспазіцыю ўвайшлі 33 іконы – праваслаўныя і каталіцкія. У асноўным гэта былі работы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музею, а таксама 3 – з мінскага Дому міласэрнасці, напісаныя сучаснымі іканапісцамі.

Ордэн Францішка Скарыны – дзяржаўная ўзнагарода Беларусі, якая ўручаецца за значныя поспехі ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, выдатныя даследаванні гісторыі Беларусі, дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, кнігавыдавецтва, культурна-асветнiцкай дзейнасцi, а таксама пашырэння культурнай спадчыны беларускага народа і за асаблівыя заслугі ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці, у справе абароны чалавечай годнасці і правоў грамадзян, міласэрнасць і іншыя высакародныя ўчынкі.


07/03/2017 14:23