2017-03-07 14:37:00

Францішак атрымаў лісты ад міланскіх вязняў


Святы Айцец атрымаў лісты ад вязняў міланскай турмы “Сан-Віторэ”, якую наведае 25 сакавіка 2017 г. у рамках сваёй аднадзённай пілігрымкі ў гэты паўночнаітальянскі горад. У праграме візіту ў месца зняволення, які будзе працягвацца каля двух гадзін, прадугледжана сустрэча і абед з асуджанымі. 

“Дарагі Францішак, шчыра кажучы, я не вельмі веруючы чалавек, але прашу цябе аб малітве за мяне і маю сям’ю, каб Бог вярнуў нам адчуванне сэнсу жыцця і згублены спакой”, - напісаў адзін з вязняў. Іншы зняволены прызнаўся, што “скраў спакой сваёй маці і забіў давер свайго бацькі”.

Адзін з лістоў Папа атрымаў ад вязня мусумальнаскага веравызнання, які падзякаваў Францішку за тое, што ён не робіць паміж людзьмі розніцы па расавай ці рэлігійнай прыкмеце і папрасіў аб малітве за ўсіх асуджаных, каб здолелі пазбавіцца ад сваіх дэструктыўных залежнасцяў.

Адкрытая ў 1879 г. міланская турма “Сан-Віторэ” з’яўляецца адной з самых старых у Італіі. Францішак стане першым Пантыфікам, які перакрочыць яе парог. Ён асабіста выказаў жаданне наведаць гэту пенітэнцыярную структуру і сустрэца з людзьмі, якія адбываюць там пакаранне.








All the contents on this site are copyrighted ©.