2017-03-08 16:25:00

На рэкалекцыях з Папам разважалі пра постаць Юды


Постаць Юды, рызыка згубы веры, місія Касцёла, які шукае грэшнікаў – галоўныя тэмы чарговай медытацыі, якую 8 сакавіка 2017 г. пачуў Папа і супрацоўнікі Рымскай курыі падчас велікапосных духоўных практыкаванняў у італьянскім Арыча. У сваім разважанні рэкалекцыяніст, айцец Джуліа Мікеліні, спаслаўся на евангельскае апавяданне пра самагубства Юды. 

Аналізуючы розныя гіпотэзы адносна прычын гэтага ўчынку, францішканін адзначыў, што адной з іх магла быць згуба веры. Гэта рызыка тычыцца кожнага вучня Пана. “Мы маем няшмат апраўданняў, каб з абурэннем казаць пра здрадніка. Юда выкрывае нас саміх”, - сказаў прапаведнік.

Іншая прычына самагубства Юды, на думку айца Мікеліні, можа быць у неправільным разуменні місіі Езуса. Магчыма ён жадаў, каб Хрыстус аб’явіў сябе вызваліцелем Ізраэля, ваяром і палітыкам. Цяпер жа ён не бачыў у абліччы Езуса не Пана, а толькі Настаўніка, якога хацеў прымусіць рэалізаваць тое, чаго сам жадаў. Рэкалекцыяніст нагадаў, што Касцёл пакліканы шукаць людзей, якія знаходзяцца далёка ад веры. 

Паводле яго, Юда рашыўся на самагубства, калі зразумеў цяжар свайго граху. У гэтым кантэксце францішканін узгадаў словы папы Францішка пра тое, што Юда быў адчужаны святарамі: здраднік, што пакаяўся, ён не быў прыняты пастырамі, якія разумелі рэлігію толькі праз прызму ўласных ментальных схем, а не Божага Аб'яўлення.

Напрыканцы сваёй медытацыі святар заклікаў паразважаць пра тое, як Касцёл можа дапамагчы сучасным хрысціянам не згубіць сапраўднай веры, пра якую ідзе гаворка ў Новым Запавеце, быць радаснымі вернікамі, аднавіць блізкасць з Езусам, каб не дапускаць самагубстваў.

Вечарам 7 сакавіка 2017 г. медытацыя падчас рэкалекцый для Папы была прысвечана малітве ў Аліўным садзе і зняволення Езуса. Спасылаючыся на евангельскія апавяданні пра гэтыя падзеі, прапаведнік заклікаў удзельнікаў духоўных практыкаванняў паразваважаць аб сваім захаванні перад абліччам трывогі іншых і разуменні Божай волі ў сваім жыцці як “святой волі” на карысць усіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.