2017-03-08 13:31:00

Святы Пасад у ААН: стан рэлігійнай свабоды ў свеце шакавальны


У жэнеўскай сядзібе ААН 7 сакавіка 2017 г. прайшла дыскусія на тэму ўзаемнай павагі і мірнага суіснавання як умове міжрэлігійнага міру і стабільнасці. Падчас яе гаворка ішла таксама пра падтрымку хрысціянскіх супольнасцяў.

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду назваў стан рэлігійнай свабоды ў свеце “даволі шакавальным” і звярнуў увагу на беспрэцэдэнтную колькасць выпадкаў насілля ў дачыненні да хрысціян і прадстаўнікоў іншых рэлігій. За апошнія гады мільёны людзей сталі бежанцамі і былі вымушаны да міграцыі. Тыя, хто застаецца ў канфліктных зонах, што кантралююцца тэрарыстычнымі групамі жывуць пад пастаяннай пагрозай парушэння правоў чалавека, рэпрэсій і злоўжыванняў. Шматлікія старажытныя храмы ўсіх рэлігій былі знішчаны. Існуе сур’ёзная заклапочанасць у сувязі з будучыняй прабывання хрысціянскіх супольнасцяў на Блізкім Усходзе. Пераслед хрысціян сёння горшы, чым у першыя стагоддзі Касцёла, заўважыў арцыбіскуп Іван Юркавіч.

Інтэрпрэтацыя правоў чалавека, якая характарызавала гісторыю апошніх некалькіх стагоддзяў, ставіла чалавека і яго правы ў цэнтры прававых, палітычных, культурных і рэлігійных дзеянняў. Рэлігійная свабода стала адным з асноўных і фундаментальных прынцыпаў міжнароднага права. Прычым, гаворка ідзе не не толькі пра нешта прыватнае. Гэта свабода жыць, як у прыватным, так і публічным парадку ў адпаведнасці з этычнымі прынцыпамі, якія вынікаюць з рэлігійных перакананняў. І гэта вялікая праблема ў  сённяшнім свеце, дзе ў імя ілжывай канцэпцыі талерантнасці, тых, хто абараняе сваю веру ў канчатковым выніку пераследуюць, звярнуў увагу прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. 

Рэлігійная свабода па сваёй прыродзе выходзіць за межы месца адпраўлення культу і прыватнай сферы людзей і сем’яў, дадаў арцыбіскуп Юркавіч. Розныя рэлігійныя традыцыі служаць грамадству перш за ўсё пасланнем, якое яны абвяшчаюць. Яны нагадваюць пра трансцэндэнтнае вымярэнне чалавечага існавання, імкнуцца прапанаваць сэнс і кірунак. У аснове іх духоўнай місіі знаходзіцца абвяшчэнне праўды і годнасці чалавечай асобы і правоў чалавека.

У свеце, дзе розныя формы сучаснай тыраніі імкнуцца здушыць рэлігійную свабоду, або спрабаваць звесці яе да субкультуры без публічнага права голасу, або выкарыстаць рэлігію ў якасці падставы для нянавісці і жорсткасці, вельмі важна, каб паслядоўнікі розных рэлігій далучыліся да голасу тых, хто заклікае да міру, цярпімасці і павагі да годнасці і правоў іншых асоб, агучыў пазіцыю Святога Пасаду ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп Юркавіч звярнуў увагу, што мы жывем у сітуацыі глабалізацыі тэхнакратычнай парадыгмы, якая свядома накіравана на аднамерную аднастайнасць і імкненне ліквідаваць усе адрозненні і традыцыі ў імя павярхоўнага адзінства. Рэлігіі, такім чынам, маюць права і абавязак ясна даць зразумець, што можна пабудаваць грамадства, дзе існуе здаровы плюралізм, які паважае адрозненні і каштоўнасці кожнага.

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў, каб рэлігійная свабода была прызнана на ўзроўні канстытуцый і законаў і ажыццяўлялася паслядоўным чынам, спрыяючы развіццю ўзаемнай павагі паміж рознымі канфесіямі і рэлігіямі і іх здароваму супрацоўніцтву з дзяржавай і палітычным грамадствам, без блытаніны роляў і без антаганізму.








All the contents on this site are copyrighted ©.