2017-03-09 12:27:00

Ватыкан: форум да Міжнароднага жаночага дня


У Ватыкане 8 сакавіка 2017 г. прайшла канферэнцыя, прымеркаваная да Міжнароднага жаночага дня. На ёй, між іншым, адсвяткавалі стварэнне першай жаночай кансультацыйнай групы пры Папскай радзе па культуры.

У яе склад уваходзяць 37 жанчын розных рэлігій, нацыянальнасцяў і прафесій, якіх у 2015 г. прызначыў старшыня гэтай ватыканскай дыкастэрыі, кардынал Джанфранка Равазі. Як прызнаўся сам іерарх, патрэбна нешта большае, чым проста “сімвалічная прысутнасць” жанчын у “свеце мужчын”. Ён лічыць, што камітэт павінен “з жаночага пункту гледжання” даваць ацэнку дзейнасці Папскай рады, і часам, гэта “зусім нечаканыя” назіранні.

Гісторыя стварэння жаночага кансультацыйнага камітэту пры Папскай радзе па культуры ўзыходзіць да 2014 года, калі было прынята рашэнне прысвяціць чарговую пленарную асамблею дыкастэрыі тэме “Жаночыя культуры”. Некалькі жанчын запрасілі прыняць удзел у падрыхтоўчай працы. Пасля завяршэння форуму ўдзельнікаў прыняў папа Францішак. Затым кардынал Равазі зацвердзіў 23 чэрвеня 2015 г. згаданы камітэт. 

Сярод 37 жанчын ёсць кіраўнікі прадпрыемстваў, дыпламаты, актрысы, спартсменкі, законніцы, універсітэцкія выкладчыцы, у тым ліку прадстаўніцы іншых рэлігій і няверуючыя. Большасць з іх – італьянкі.

Група збіраецца тры разы на год і распрацоўвае прапановы па ўсіх напрамках дзейнасці Папскай рады па культуры. На думку яе членаў, справа не ў тым, каб “казаць пра жанчын”, а каб “свету мужчын” прапанаваць свой пункт гледжання на грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.