2017-03-09 09:34:00

Папа даў інтэрв’ю нямецкаму выданню “Die Zeit”


Крызіс веры, папулізм у палітыцы, бліжэйшыя Апостальскія падарожжы – гэта некаторыя тэмы, якія былі ўзняты ў інтэрв’ю Францішка нямецкаму “Die Zeit”. Яно было апублікавана 9 сакавіка 2017 г.

Адказваючы на пытанне аб крызісе пакліканняў у Касцёле, Францішак адзначыў, што гэта цяжкая праблема аб вырашэнні якой трэба маліцца. У гэтым кантэксце важнай з’яўляецца праца з моладдзю, якая мае жаданне служыць іншым. “Праца з маладымі людзьмі вельмі складаная, але яна павінна рабіцца, паколькі яны самі просяць аб гэтым. Маладыя людзі – гэта вялікія адчужаныя сучаснага грамадства, бо ў многіх краінах не маюць працы”, - нагадаў ён. 

Францішак лічыць, што на крызіс пакліканняў уплываюць таксама дэмаграфічныя праблемы. “Калі няма юнакоў – няма і святароў”, - сказаў ён. Пантыфік падкрэсліў, што пытанне пакліканняў будзе шырока абмяркоўвацца ў рамках бліжэйшага Сінода Біскупаў, а таксама адзначыў, што ўвядзенне “апцыянальнага цэлібату” не вырашыць усёй праблемы.

Паводле Святога Айца, рост у веры не магчымы без яе крызісу. Крызісы спадарожнічаюць біялагічнаму развіццю, пераўтварэнню дзіцяці ў дарослага і тое ж адбываецца з верай, лічыць Францішак. Ён нагадаў прыклад св. Пятра, які перажыў глыбокі крызіс, калі тройчы адмовіўся ад Хрыста, але затым стаў Папам. “Я не хачу сказаць, што крызіс з’яўляецца нашым штодзённым хлебам, але ён з’яўляецца часткай жыцця верай. Вера, якая не ўваходзіць у крызіс, каб вырасці, звычайна застаецца інфантыльнай”, - сказаў Пантыфік. Яшчэ Папа прызнаўся, што яго абурае, калі Касцёл не дае сапраўднага евангельскага сведчання.

Каментуючы сітуацыю з ростам папулізму ў палітыцы, Францішак выказаў сваю заклапочанасцю гэтай з’явай і чарговы раз правёў аналогію з Германіяй 30-х гадоў ХХ ст., калі да ўлады прыйшоў Адольф Гітлер, здолеўшы пераканаць нямецкі народ у тым, што зможа вывесці яго з эканамічнага крызісу. За папулізмам заўсёды стаіць псеўдамесіянства і апраўданне захаваннем тоеснасці народа, лічыць Пантыфік. 

Каментуючы крытычныя заўвагі, якія гучаць у яго адрас, Святы Айцец прызнаўся, што з часу абрання яго не пакідае ўнутраны спакой. “Я ўсведамдяю, што камусьці можа не падабацца як я дзейнічаю, і я гэта разумею: існуе шмат спосабаў мыслення. Гэта слушна, гэта па-чалавечы і гэта таксама багацце”, - сказаў Папа. Ён распавёў, што кожны дзень моліцца аб пачуцці гумару словамі св. Тамаша Мора. 

Францішак выказаў сумніў адносна магчымасці візіту ў Германію сёлета, паколькі мае шмат запланаваных падзей у бягучым годзе. Гаворачы пра магчымасць падарожжа ў Расію, ён заўважыў, што для гэтага павінен быў бы наведаць таксама і Украіну. Пантыфік лічыць, што важна здзейсніць падарожжа ў Паўднёвы Судан, Конга і Дэмакратычную Рэспубліку Конга. Ужо дакладна на 2017 г. запланаваны падарожжы ў Індыю, Бангладэш, Калумбію і партугальскі марыйны санктуарый у Фаціме. Акрамя таго, вывучаецца магчымасць папскай пілігрымкі ў Егіпет.








All the contents on this site are copyrighted ©.