2017-03-10 16:16:00

Святы Пасад: забяспечыць бедным доступ да лекаў


Апостальская Сталіца лічыць забеспячэнне належнага доступу хворых да лекаў, дыягностыкі і медыцынскіх паслуг маральным абавязкам, а не проста філантропіяй. Аб гэтым нагадаў пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры структурах ААН у Жэневе падчас 34-й сесіі Рады па правах чалавека ААН, прысвечанай доступу да медыцыны. 

Арцыбіскуп Іван Юркавіч падкрэсліў, што даступнасць лекаў і медыцынскіх інавацый з’яўляецца фундаментальным выклікам для забеспячэння плённага, устойлівага і справядлівага прагрэсу, які тычыцца паўсюднага ахопу медыцынскім абслугоўваннем і паляпшэння здароўя ўсіх людзей.

Апостальская Сталіца павітала прынятыя ў студзені 2017 г. папраўкі ў Пагадненне аб гандлёвых баках правоў інтэлектуальнай уласнасці, якія гарантуюць бяспечны і законны доступ да лекаў і медыцынскіх паслуг для найбольш уразлівых слаёў насельніцтва, асабліва ў сферы лячэння ад туберкулёза, малярыі, ВІЧ-захворванняў і іншых хваробаў, сказаў ён.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на тое, што праблемы з доступам да недарагіх лекаў існуюць і ў эканамічна развітых краінах, дзе рэгулярна скарачаюцца дзяржаўныя выдаткі на сферу аховы здароўя.

Ён падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл робіць значны ўклад у развіццё сферы аховы здароўя ў многіх краінах свету праз дзейнасць 5 158 каталіцкіх бальніц, 16 523 каталіцкіх дыспансераў і клінік, 612 лепразорыяў і 15 679 дамоў для састарэлых, хранічна хворых і няпоўнаспраўных асоб.








All the contents on this site are copyrighted ©.