2017-03-10 12:01:00

Святы Пасад у АБСЕ пра свабоду СМІ


 

Вялікая роля СМІ суправаджаецца вялікай адказнасцю. З свабоды выказванняў заўсёды выцякаюць абавязацельствы. Прафесійныя стандарты і этыка дазваляюць журналісту рэалізаваць яго вялікую адказнасць і важную службу на карысць усіх. Гэтыя думкі агучыў 9 сакавіка 2017 г. у Вене прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў АБСЕ падчас абмеркавання дакладу прадстаўніка гэтай арганізацыі на тэму свабоды СМІ.

Кс. Януш Урбанчык спаслаўся на словы папы Францішка, скіраваныя падчас аўдыенцыі для італьянскай асацыяцыі прафесійных журналістаў у верасні 2016 г. “У жыцці не ўсё чорнае і белае. Таксама і ў журналісцкай сферы трэба быць здольнымі адрозніваць адценні шэрага ў падзеях, аб якіх вы пакліканы распавядаць. Палітычныя дэбаты і нават канфлікты, рэдка з’яўляюцца вынікам відавочных працэсаў, дзе можна ясна і недвухсэнсоўна зразумець, хто вінаваты і хто мае рацыю. Суперніцтва і часам сутыкненні па сутнасці ўзнікаюць менавіта з-за гэтай цяжкасці злучэння розных пазіцый. Гэта праца – можам сказаць нават місія”, - заўважыў у той час Пантыфік і дадаў, што гэта місія заключаецца ў служэнні журналіста ў якасці інструмента прымірэння і сустрэчы.

Афіцыйны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы падзякаваў АБСЕ і ўсім яе дзяржавам-удзельніцам за пашырэнне свабоды сродкаў масавай інфармацыі і клопат пра журналістаў і іх бяспеку.








All the contents on this site are copyrighted ©.