2017-03-11 14:19:00

Біскупы Афрыкі просяць аднавіць вяшчанне Ватыканскага радыё


З просьбай аднавіць вяшчання Ватыканскага радыё на кароткіх хвалях звярнуўся пастаянны камітэт Сімпозіума Канферэнцый Біскупаў Афрыкі і Мадагаскара (SECAM). Яе апублікавала агенцтва “Fides”, звязанае з Кангрэгацыяй Евангелізацыі Народаў.

Прадстаўнікі афрыканскіх епіскапатаў, якія мелі сваё пасяджэнне ў Акры, выказалі сваю “заклапочанасць з нагоды нядаўняга спынення перадачы радыёсігналу на кароткіх хвалях, што гарантавала мільёнам афрыканцаў магчымасць пачуць Святога Айца і азнаёміцца з пунктам гледжання і місіяй Касцёла”. 

З 2012 г. кароткахвалевае і сярэднехвалевае вяшчанне для Еўропы і Амерыкі было перанесена часткова ў дыяпазон “FM”, а часткова ў інтэрнэт, але заставалася даступным для слухачоў у Афрыцы, Азіі і на Блізкім Усходзе. Сёлета Сакратарыятам па камунікацыі было прынята рашэнне цалкам спыніць вяшчанне на кароткіх і сярэдніх хвалях для слухачоў у Афрыцы і Азіі, з упорам на новыя лічбавыя тэхналогіі. Афрыканскія біскупы адзначаюць, што шмат хто з жыхароў Чорнага кантынента не мае сродкаў, каб выкарыстоўваць гэтыя тэхналогіі.

Камітэт Сімпозіума Канферэнцый Біскупаў Афрыкі і Мадагаскара выказаў глыбокую ўдзячнасць за тую ролю, якую адыгрывае на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў Ватыканскае радыё ў справе евангелізацыі Афрыкі, катэхізацыі і духоўнага развіцця кантынента. “Ватыканскае радыё заўсёды з’яўляецца надзейнай крыніцай навін аб Паўсюдным Касцёле і хуткім каналам навін пра Афрыку для астатняй часткі светк”, - гаворыцца ў спецыяльнай заяве.








All the contents on this site are copyrighted ©.