163 тыс. чалавек наведалі выставу “Roma Aeterna” ў маскоўскай Траццякоўскай галерэі, на якой былі прадстаўлены шэдэўры мастацтва з Ватыканскіх музеяў. Яна працавала з 25 лістапада 2016 г. да 1 сакавіка 2017 г. Адным з наведвальнікаў некалькі тыдняў таму стаў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
З Ватыканскіх музеяў у Маскву былі дастаўлены 42 мастацкія творы, сярод якіх карціны Караваджа, Рафаэля Санці, Джавані Беліні, Гверчына, Пьетра Перуджына і Гвіда Рэні. Гаворка ідзе пра самую прадстаўнічую выставу з папскай мастацкай калекцыі, якая калі-небудзь праводзілася за межамі Ватыкана, таму білеты на яе раскупілі імгненна.
Выстава павінна была зачыніцца яшчэ ў лютым, але тэрмін правядзення быў працягнуты. Прычынай стала вялікая колькасць жадаючых наведаць яе, хоць зрабіць гэта ўдалося не ўсім. Гэта звязана з нормамі бяспекі, якія абмяжоўвалі прапускную здольнасць да ста асоб у паўтары гадзіны.
Ніколі раней Ватыканскія музеі, якія ўваходзяць у дзесятку найбуйнейшых сусветных збораў, не вывозілі за свае межы адначасова такую значную колькасць выбітных твораў з пастаяннай экспазіцыі. Таму выстава стала падзеяй не толькі для Расіі і Еўропы, але і для ўсяго свету.
“Roma Aeterna” – гэта частка вялікага праекту: праз некалькі месяцаў у Ватыкане пройдзе зваротная выстава, істотную частку яе экспанатаў складуць творы рускага жывапісу на евангельскія сюжэты з калекцыі Траццякоўскай галерэі.
All the contents on this site are copyrighted ©. |