2017-03-12 13:43:00

Пантыфік спачувае і заклікае спыніць гвалт над дзецьмі


Францішак выказаў сваю блізкасць да народа Гватэмалы, які знаходзіцца ў жалобе пасля сур’ёзнага і сумнага інцыдэнту. У выніку маштабнага пажару ў прытулку для дзяцей у Вірхэн-дэ-ла-Асунсьён загінулі 34 чалавекі, дзясяткі атрымалі раненні. У краіне аб’яўлена трохдзённая жалоба. 

“Няхай Пан прыме іх душы, вылечыць параненых, суцешыць іх смуткуючыя сям’і і ўвесь народ”, - узнёс малітву Папа і дадаў, звяртаючыся 12 сакавіка 2017 г. да сабраных на плошчы св. Пятра: “Я таксама малюся і прашу вас маліцца са мной за ўсіх дзяўчынак і хлопчыкаў, якія сталі ахвярамі гвалту, жорсткага абыходжання, эксплуатацыі і вайны. Гэта чума, гэта схаваны крык, які павінен быць пачуты усімі намі, каб мы не працягвалі рабіць выгляд, што нічога не бачым і не чуем”.

Згодна з заявай мясцовых уладаў, у сераду раніцай нехта падпаліў матрацы у секцыі для дзяўчынак прытулку ў сельскім гарадку. Полымя хутка распаўсюдзілася на два інтэрнаты, з-за чаго дзесяткі чалавек атрымалі раненні, большасць – апёкі другой і трэцяй ступеняў.

У перапоўненым дзяржаўным прытулку – Вірхэн-дэ-ла-Асунсьён – жылі дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, якіх пасялялі там у асноўным пасля выпадкаў гвалту ў сям’і. Прытулак быў разлічаны на 500 чалавек, аднак у ім на момант інцыдэнту было 800 дзяцей. Пажар адбыўся пасля 15-гадзіннага бунту ў прытулку. Сотні юнакоў і дзяўчат пратэставалі супраць жыллёвых умоў і сексуальнага гвалту з боку персаналу і патрабавалі перасяліць іх у іншае месца. Шмат дзяцей, у прыватнасці малодшага ўзросту, беглі з прытулку з-за здзекаў над імі старэйшых падлеткаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.