2017-03-12 15:30:00

Папа: хрысціянскі крыж – гэта не частка хатняга аздаблення


Той, хто памірае з Хрыстом, з Ім і ўваскрэсне. Ён перамяніўся на гары Табор і паказаў сваю хвалу вучням, не для таго, каб пазбавіць іх праходжання праз крыж, але каб паказаць, куды вядзе шлях крыжа. Аб гэтым нагадаў папа Францішак 12 сакавіка 2017 г. падчас разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”.
 
“Евангелле сённяшняй Другой нядзелі Вялікага посту прапануе нам апісанне Перамянення Езуса (Мц 17, 1-9), - нагадаў Папа. - Узяўшы з сабой трох апосталаў: Пятра, Якуба і Яна, пайшоў з імі на высокую гару, і там адбылася гэта незвычайнае з’ява: аблічча Езуса “заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло” (Мц 17, 2). Такім чынам, Пан зрабіў так, што ў Яго ўласнай асобе заяснела Божая хвала, якая можа быць прынята праз веру ў Яго прапаведванне і Яго цудоўныя справы. Перамяненне на гары суправаджаецца з’яўленнем Майсея і Іллі , “якія размаўлялі з Ім” (Мц 17, 3).

“Ззянне”, якое характарызуе гэту незвычайную падзею, сімвалізуе яго мэту: раз’ясніць розумы і сэрцы вучняў, каб яны мелі магчымасць дакладна разумець, хто іх Настаўнік. Гэта ўспышка святла, якая раптоўна адкрываецца над таямніцай Езуса і асвятляе ўсю Яго асобу і ўсю Яго паставу.

Езус, цвёрда рухаючыся ў бок Ерузалема, дзе павінен будзе дасведчыць вынясенне смяротнага прысуду праз укрыжаванне, хоча падрыхтаваць вучняў да скандалу – скандалу крыжа – занадта вялікага для іх веры, а таксама абвясціць аб сваім ўваскрэсенні, выступаючы ў якасці Месіі, Сына Божага. І Езус рыхтуецца там на гэты момант смутку і вялікага болю. На самой справе, Езус аб’яўляе сябе як Месія, Які адрозніваецца ад чаканняў, ад таго, як ўяўлялі сабе Месію, таго, якім Ён павінен быць: не як магутны і праслаўлены кароль, але як пакорны і безабаронны слуга; ня як уладальнік вялікага багацця, што з’яўляюцца прыкметай благаслаўлення, але як бедны чалавек, які не мае куды схіліць галавы; не як патрыярх, які мае шматлікае нашчадства, але як чалавек нежанаты, без дому і без прыстанішча. 

Гэта сапраўды аб’яўленне Бога, несумяшчальнае з схемамі, самы яскравы знак, які найлепшым чынам уводзіць ў заклапочанасць гэтага скандальнага парушэння парадку, якім з’яўляецца крыж. Але менавіта праз крыж Езус дасягне хвалебнага ўваскрасення, якое стане канчатковым, не такім, як перамяненне, што трывала некаторы час, імгненне.

Езус, Які перамяніўся на гары Табор, хацеў паказаць сваю хвалу вучням не для таго, каб пазбавіць іх праходжання праз крыж, але, каб паказаць ім, куды вядзе крыж. Той, хто памірае з Хрыстом, з Ім і ўваскрэсне. І гэты крыж – брама ўваскрасення. Той, хто змагаецца поплеч з Ім, з Ім таксама будзе перамагаць. Гэта пасланне надзеі, якое змяшчае ў сабе крыж Езуса, запрашаючы да мужнасці ў нашым жыцці. Хрысціянскі крыж не з’яўляецца нейкай часткай хатняга аздаблення і ўпрыгажэннем; хрысціянскі крыж – гэта заклік да любові, з якой Езус ахвяраваў сабой, каб выратаваць чалавецтва ад зла і граху. 

У гэты час Вялікага посту мы набожна сузіраем знак крыжа, Езуса на крыжы: гэта сімвал хрысціянскай веры, гэта знак Езуса, Які памёр і ўваскрос за нас. Давайце зробім так, каб крыж азначаў этапы нашага велікапоснага падарожжа, каб лепш зразумець сур’ёзнасць граху і каштоўнасць ахвяры, з дапамогай якой Адкупіцель збавіў нас усіх.

Дзева Марыя ўмела сузіраць хвалу Езуса, схаваную ў яго чалавечай натуры. Няхай Яна дапаможа і нам знаходзіцца з Ім на ціхай малітве, дазволіць Яму асвяціць нас сваёй прысутнасцю, каб несці ў сэрцы, праз самыя цёмныя ночы, адлюстраванне Яго славы”, - завяршыў Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы і апостальскага благаслаўлення, Святы Айцец прывітаў пілігрымаў з Італіі і з усяго свету, якія сабраліся на плошчы св. Пятра.








All the contents on this site are copyrighted ©.