cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Прадстаўнік Святога Пасаду пра абарот наркатычных сродкаў

Прадстаўнік Святога Пасаду пра абарот наркатычных сродкаў - AP

15/03/2017 14:43

Залежнасць ад наркатычных сродкаў з’яўляецца сур’ёзным злом для асобы і нясе ў сабе сацыяльную і эканамічную небяспеку для чалавецтва, нагадаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы 14 сакавіка 2017 г. у Вене падчас 60-й сесіі Камісіі па наркатычных сродках.

Кс. Януш Урбанчык заклікаў дакладана вывучыць карэнныя прычыны незаконных попыту і прапановы наркотыкаў. Гэта дапаможа ў разуменні фактараў, якія, у сваю чаргу, неабходна вырашаць з дапамогай каардынаваных намаганняў дзяржаў і міжнароднай супольнасці. Менавіта адсутнасць эканамічнай справядлівасці і эканамічных магчымасцяў прымушае людзей, сем’і і цэлыя супольнасці да нелегальных вытворчасці, паставак і абароту наркотыкаў, лічыць папаскі дыпламат.

Выкараненне маргіналізацыі і выключэння можа служыць у якасці важнага інструмента ў барацьбе з нелегальнымі пастаўкамі наркотыкаў. З гэтай з’явай трэба змагацца шляхам павелічэння выдаткаў на адукацыю, або, дакладней, інтэгральную адукацыю чалавека, надаючы асаблівую ўвагу не толькі акадэмічнаму навучанню, але і выхаванню ў сацыяльным, медыцынскім і этычным кантэкстах. Такая адукацыя павінна быць накіравана галоўным чынам да найбольш уразлівых у грамадстве, такіх як дзеці і моладзь, агучыў пазіцыю Святога Пасаду яго прадстаўнік пры структурах ААН у Вене.

Рэакцыя праваахоўных органаў і судовай сістэмы на злачынствы, звязаныя з нелегальным абаротам наркотыкаў, павінны адпавядаць універсальным абавязкам у галіне правоў чалавека і аўтэнтычнай справядлівасці, падкрэсліў прэлат і ў сувязі з гэтым заклікаў ад імя Святога Пасаду да поўнай адмены смяротнага пакарання. Запаведзь “не забівай” мае абсалютнае значэнне і адносіцца як да нявінных, так і да вінаватых, нагадаў ён. 

Дыпламат заўважыў, што сучасныя грамадства маюць магчымасць эфектыўна кантраляваць злачыннасць, без выкарыстання забойства ў якасці пакарання. Пытанне, на яго думку, заключаецца ва ўзгадненні крымінальнага правасуддзя з годнасцю чалавека і Божай задумай адносна асобы і грамадства. Сістэма правасуддзя  павінна быць адкрыта для надзеі на рэінтэграцыю былога злачынцы ў грамадства. Зварот да смяротнага пакарання за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, не можа быць апраўданы, паколькі жыццё кожнага чалавека ад Бога, патлумачыў святар.

Ён нагадаў выказванне папы Францішка, які лічыць, што кожны наркаман мае сваю асабістую гісторыю жыцця, якую трэба пачуць і зразумець. Не можна падыходзіць да гэтых асоб як да прадметаў або зламаных машын. 

Ніколі барацьба з сусветнай праблемай наркотыкаў не будзе эфектыўнай, калі інтэнсіўнае лячэнне і сацыяльная рэабілітацыя не стануць даступнымі для ўсіх зняволеных наркаманіяй. Таксама прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў важнасць сям’і як асновы стратэгій прафілактыкі, лячэння, рэабілітацыі, рэінтэграцыі і здароўя. Ён выказаў спадзяванне, што Камісія па наркатычных сродках будзе працягваць сваю працу па ўзаемадзеянні з мясцовымі, у тым ліку і рэлігійнымі, супольнасцямі.


15/03/2017 14:43