cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Святы Пасад у ААН пра правы чалавека ў Сірыі

Святы Пасад у ААН пра правы чалавека ў Сірыі - ANSA

15/03/2017 11:35

Арцыбіскуп Іван Юркавіч, пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе выступіў на 34-й сесіі Савета па правах чалавека. На ёй абмяркоўваўся даклад камісііі па расследаванні падзей у Сірыі.

Ватыканскі дыпламат указаў на “катастрафічную сітуацыю”, якая стала вынікам больш чым шасці гадоў насілля. Сотні тысяч смяротных ахвяр і параненых, разбураныя сем’і, знішчаная інфраструктура, дамы, школы, бальніцы і месцы культу, спустошаныя гарады, недаяданне і нездавальняючае медыцынскае абслугоўванне – гэта суровая рэальнасць, з якой сірыйцы сутыкаюцца кожны дзень.

Іерарх, ад імя Апостальскай Сталіцы, пацвердзіў салідарнасць з сірыйскім народам і заклікаў міжнародную супольнасць прызнаць, што шэсць гадоў жорсткай бойні прадэманстравалі бессэнсоўнасць вайны, як сродку для ўрэгулявання спрэчак. Менавіта імкненне да палітычнай улады і эгаістычных інтарэсаў, у спалучэнні з распальваннем насілля і нянавісці, пры падтрымцы значных рэсурсаў і зброі, прывялі да зыходу з Сірыі пяці мільёнаў чалавек з 2011 г.

Не можа быць ніякага ваеннага вырашэння сітуацыі ў Сірыі, мы не павінны паддавацца логіцы насілля, паколькі гвалт спараджае выключна гвалт, сказаў арцыбіскуп Юркавіч і нагадаў, што менавіта дзеці часта плацяць самую высокую цану падчас такіх канфліктаў. Некаторыя з іх не ведаюць іншага жыцця, акрамя вайны, іншыя нарадзіліся пад выбухамі, на іх тварах няма ўсмешкі.

На думку ватыканскага дыпламата, працяглы канфлікт указвае на бездапаможнасць міжнароднай супольнасці ў цэлым, бо сітуацыя ў Сірыі – гэта агульная адказнасць. Правы сірыйскіх грамадзян, незалежна ад іх рэлігійнай ці этнічнай прыналежнасці, павінны быць абаронены. Рэлігійныя і этнічныя меншасці не могуць быць закладнікамі геапалітычных кампрамісаў, але ў поўнай меры павінны ўдзельнічаць у празрыстым і ўсёабдымным працэсе перамоваў, з роўнымі правамі і роўнымі абавязкамі, бо гэта адзіны спосаб пабудаваць мірную будучыню, агучыў пазіцыю Апостальскай Сталіцы яе прадстаўнік у ААН.

Несправядлівыя пакуты нявінных ахвяр гэтай бессэнсоўнай бойні павінны матываваць ўсе зацікаўленыя бакі ўдзельнічаць у сур’ёзным дыялогу і працаваць у напрамку будучага міру і справядлівасці, завяршыў сваё выступленне папскі дыпламат.


15/03/2017 11:35