2017-03-15 11:44:00

Святы Айцец: здольнасць любіць – гэта дар


Нават нягледзячы на нашы недасканаласці, Бог дазваляе нам жыць запаведдзю любові і станавіцца прыладамі Яго любові, адзначыў Святы Айцец 15 сакавіка 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе Францішак спаслаўся на фрагмент з Паслання да Рымлянаў (12,9-12), каб нагадаць вернікам пра сутнасць запаведзі любові да Бога і бліжняга.

Папа заўважыў, што з пакліканнем чалавека да любові злучана радасць хрысціянскай надзеі. Аднак апостал Павел папярэджвае аб рызыцы крывадушнасці ў любові, заўважыў Пантыфік. Яна праяўляецца, калі любоў становіцца карыснай, калі дабрачыннае служэнне здзяйсняецца напаказ ці каб адтрымаць задавальненне, або калі горнемся да бачных рэчаў, каб хваліцца нашым інтэлектам і здольнасцямі.

“За ўсім гэтым стаіць фальшывая, падманлівая ідэя, аб тым, што нібыта прычына нашай любові ў нашай дабрыні, нібыта любоў – гэта чалавечае тварэнне, прадукт нашага сэрца. Аднак любоў, перш за ўсё, з’яўляецца ласкай, дарам. Здольнасць любіць – гэта дар Божы і мы павінны прасіць аб ім. Калі рабіць так, Ён нас адорыць з ахвотай. Любоў – гэта ласка: яна заключаецца не ў дэманстраванні таго, кім мы з’яўляемся, але таго, што Бог нам дорыць і што мы свабодна прымаем. Яна не можа выяўляцца ў сустрэчы з іншымі, калі перад гэтым не народзіцца ад сустрэчы з ціхім і міласэрным абліччам Езуса”, - сказаў Папа.

Францішак перакананы, што чалавек можа жыць вялікай запаведдзю любові і станавіцца прыладай Божай любові, калі дазваляе ўваскросламу Хрысту аздаравіць і абнавіць сваё сэрца. 

“Уваскрослы Пан, Які жыве сярод нас, Які жыве з намі, здольны аздаравіць наша сэрца: Ён зробіць гэта, калі папросім. Менавіта Ён дазваляе нам, нават у нашай мізэрнасці і беднасці, адчуць спагаду Айца і цэлебраваць цуды Яго любові. Тады становіцца зразумела, што ўсё, што можам перажыць і зрабіць для братоў, з’яўляецца нічым іншым, як адказам на тое, што Бог зрабіў і працягвае рабіць для нас. Больш за тое, гэта сам Бог, пасяліўшыся ў нашым сэрцы і нашым жыцці, працягвае набліжацца і служыць усім тым, каго штодзённа сустракаем на нашым шляху, пачынаючы ад апошніх і самых патрабуючых, у якіх Ён перш за ўсё дае сябе распазнаць ”, - сказаў Папа.

Па словах Францішка, адчуванне таго, што не жывем запаведзю любові належным чынам, з’яўляецца ласкай. Яна дапамагае зразумець, што людзі самі па сабе няздольныя любіць па-сапраўднаму, і маюць патрэбу ў тым, каб Пан пастаянна абнаўляў гэты дар у сэрцы, праз сустрэчу з Яго бясконцай міласэрнасцю. 

“І тады мы зноў пачнем цаніць малыя, простыя, звычайныя, штодзённыя рэчы і будзем здольнымі любіць іншых, як Бог іх любіць, жадаючы ім дабра, гэта значыць, каб былі святымі, сябрамі Бога. Мы будзем радавацца магчымасці набліжацца да бедных і пакорных, як Езус робіць з кожным з нас, калі знаходзімся далёка ад Яго, будзем радавацца магчымасці схіляцца да ног братоў, як Ён, Добры Самаранін, робіць з кожным з нас са сваёй спагадай і прабачэннем”, - перакананы Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў вернікаў памятаць, што любоў Бога да іх не слабее ні пры якіх абставінах, нават самых складаных, што павінна быць крыніцай радаснай надзеі і стымулам для служэння бліжнім. 








All the contents on this site are copyrighted ©.