2017-03-16 15:22:00

Папа ўзначаліць пакутнае набажэнства ў Ватыкане


17 сакавіка 2017 г. папа Францішак узначаліць пакутнае набажэнства ў базыліцы св. Пятра, перад якім паспавядаецца сам, а затым паспавядае вернікаў. Такім чынам, Святы Айцец далучыцца да ініцыятывы “24 гадзіны для Пана”, якая пройдзе 24-25 сакавіка 2017 г. у дыяцэзіях усяго свету.

Тэма сёлетняй духоўнай акцыі: “Міласэрнасці хачу” (Мц 9,13). У яе рамках многія касцёлы будуць адкрыты на працягу сутак, каб да сакрамэнту споведзі магла прыступіць як мага большая колькасць людзей. Напрыклад, у Рыме вызначаны два храмы, дзверы якіх будуць адчынены ўсю ноч з 24 на 25 сакавіка. У касцёлах Санта-Марыя-ін-Трастэвэрэ і Стыгматаў св. Францішка пастаянна будуць спавядаць святары, а ля іх людзей будуць запрашаць да пакаяння валанцёры.

Завершыцца ініцыятыва 25 сакавіка вечарам у касцёле Святога Духа (Santo Spirito in Sassia) ля Ватыкану малітвай нешпараў, якую ўзначаліць арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі. 

Ініцыятыва “24 гадзіны для Пана” пройдзе ў Касцёле ўжо ў чацьвёрты раз. Яна нарадзілася як вынік Сіноду Біскупаў 2012 года, прысвечанаму тэме Новай Евангелізацыі, на якім стала ясна, што сакрамэнт споведзі павінен быць цэнтральнай часткай душпастырскага жыцця Касцёла. Правядзенне ініцыятывы “24 гадзіны для Пана” прапанавала ўсім дыяцэзіям свету Папская рада па новай евангелізацыі. Папа Францішак з самага пачатку падтрымаў гэту духоўную акцыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.