2017-03-17 12:36:00

Францішак: добры спаведнік – міласэрны і шмат моліцца


Добрыя спаведнікі – гэта сапраўдныя сябры Езуса, якія шмат моляцца і пашыраюць Яго міласэрнасць, сказаў папа Францішак 17 сакавіка 2017 г. падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў курсаў для спаведнікоў, арганізаваных Апостальскай Пэнітэнцыярыяй, з мэтай дапамагчы новым святарам добра ўдзяляць сакрамэнт споведзі.

“Спаведнік які моліцца, добра ведае, што сам з’яўляецца першым грэшнікам і першым, хто атрымаў прабачэнне. Такім чынам малітва – гэта першае, што дазваляе пазбегнуць суровасці, якая бескарысна асуджае грэшніка, а не грэх. У малітве неабходна прасіць аб дары параненага сэрца, здольнага разумець раны іншага і залечваць іх алеем міласэрнасці, які Добры Самаранін выліваў на раны таго няшчаснага, да якога ніхто не меў літасці”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, добры спаведнік павінен быць “чалавекам Духа” і праніклівасці, недахоп у якой прыносіць шмат зла Касцёлу. “Дух дазваляе атаясаміцца” з тымі, “хто прыходзіць да канфесіяналу і суправаджаць іх з уважлівай і сталай праніклівасцю, а таксама з сапраўднай спагадай да іхніх пакут, выкліканых беднасцю граху”, сказаў Папа. Акрамя таго, “спаведнік не чыніць уласную волю і не навучае ўласнаму вучэнню. Ён пакліканы спаўняць заўсёды і толькі волю Бога, у поўнай еднасці з Касцёлам, слугой якога з’яўляецца”, - дадаў Святы Айцец.

Па словах Пантыфіка, праніклівасць “выхоўвае позірк і сэрца”, а таксама дае душы неабходную далікатнасць, каб прымаць тых, хто “адчыняе перад намі святыню ўласнага сумлення, каб прыняць у яго святло, мір і міласэрнасць”.

Францішак нагадаў, што канфесіянал можа быць месцам евангелізацыі і выхавання, бо дазваляе сустрэць сапраўднае аблічча Бога, якім з’яўляецца міласэрнасць. “У кароткім дыялогу, які адбываецца з пэнітэнтам, спаведнік пакліканы зразумець, што будзе найбольш карысным і патрэбным для духоўнага шляху гэтага брата і гэтай сястры”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што часам такім вернікам трэба зноў абвясціць элементарныя праўды веры, фундаменты маральнага жыцця, заўсёды ў адносінах да праўды, дабра і волі Пана.








All the contents on this site are copyrighted ©.