2017-03-18 15:14:00

Святы Айцец здзейсніць афіцыйны візіт у Егіпет


Папа Францішак здзейсніць 28-29 красавіка 2017 г. Апостальскае падарожжа ў Егіпет. Візіт стане адказам Пантыфіка на запрашэнне Прэзідэнта і каталіцкага епіскапату краіны, а таксама Патрыярха Копцкай Праваслаўнай Царквы і вялікага імама мясцовага ўніверсітэта “Аль-Азхар”. Афіцыйная праграма двухдзённай паездкі Святога Айца будзе анансавана пазней. Аб гэтым 18 сакавіка 2017 г. паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Папа Францішак накіруецца ў Каір, каб працягнуць дыялог з прадстаўнікамі ісламу, распачаты ў мінулым годзе падчас візіту ў Ватыкан прафесара Ахмеда аль-Таеба, вялікага імама мусульманскага ўніверсітэта “Аль-Азхар”.

Узгаданая сустрэча двух рэлігійных лідэраў мела вялікае мІжрэлігійнае значэнне, бо ўзнавіла рэгулярныя кантакты мусульманскага ўніверсітэта “Аль-Азхар” з Апостальскай Сталіцай, прыпыненыя ў 2011 г. Падставай для пагаршэння двухбаковых адносін паслужыла заява Бэнэдыкта XVI пра адсутнасць у Егіпце рэлігійнай свабоды і недастатковую абарону хрысціянскіх святынь, якая прагучала як рэакцыя на здзейснены крывавы замах на копцкі касцёл у Александрыі.

Дарэчы, удзел у мерапрыемствах, запланаваных падчас візіту папы Францішка ў Каір, будзе прымаць і Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас II. Яе вернікі складаюць у Егіпце рэлігійную меншасць і адчуваюць пагрозу з боку радыкальнага ісламізму і тэрарыстаў групоўкі “Ісламская дзяржава”. Таму Апостальскае падарожжа Святога Айца заклікана стаць пасланнем міру, адрасаваным усяму рэлігійнаму і палітычнаму свету.

Да абароны хрысціян у зонах канфліктаў на Блізкім Усходзе, спынення насілля і тэрарызму і вырашэння праблем шляхам дыялогу і перамоў запрашаў Пантыфік і падчас сустрэчы ў лістападзе 2014 г. у Ватыкане з Прэзідэнтам Егіпта Абдэлем Фаттах аль-Сісі.








All the contents on this site are copyrighted ©.