2017-03-18 10:13:00

Ватыканская базыліка стала вялікім канфесіяналам


Базыліка св. Пятра стала вялікім канфесіяналам. Вечарам 17 сакавіка 2017 г. Папа ўзначаліў тут пакутнае велікапоснае набажэнства, падчас якога была магчымасць прыступіць да споведзі. Адным з 92-х спаведнікоў быў сам Францішак.

Папа змяніў мінулагоднюю традыцыю і падчас набажэнства не прамовіў казання. Яго замяніла доўгая хвіліна цішыні, калі вернікі былі закліканы зрабіць рахунак сумлення. Затым усе разам адмовілі Чын пакаяння і памаліліся “Ойча наш”. Пасля літургіі Францішак укленчыў пры канфесіянале і прыступіў да сакрамэнту споведзі, пасля чаго сам паспавядаў семярых вернікаў.

Ватыканскае пакутнае набажэнства прайшло за тыдзень да ініцыятывы “24 гадзіны для Пана”, правядзенне якой запланавана на 24-25 сакавіка 2017 г. у дыяцэзіях усяго свету. На працягу гэтых двух дзён многія касцёлы будуць адкрыты бесперапынна, каб да сакрамэнту споведзі магла прыступіць як мага большая колькасць людзей. 

Духоўная акцыя пройдзе ўжо ў чацвёрты раз. Яе правядзенне прапанавала ўсім дыяцэзіям свету Папская рада па новай евангелізацыі пасля Сіноду Біскупаў 2012 года. Францішак з самага пачатку ўключыўся ў падтрымку ініцыятывы.








All the contents on this site are copyrighted ©.