2017-03-18 11:50:00

“Папа для Украіны”: ужо 200 тыс. чалавек атрымалі дапамогу


Больш за 200 тыс. чалавек атрымалі дапамогу ў рамках ініцыятывы “Папа для Украіны”. На Данбасе набліжаецца да завяршэння першы этап гуманітарнай акцыі для дапамогі пацярпелым ад ваенных дзеянняў. Грошы збіраліся 24 красавіка 2016 г. ва ўсіх рыма-каталіцкіх храмах Еўропы. Пазней Пантыфік ахвяраваў з асабістага фонду 5 млн еўра на гэтыя мэты. Агульная сума дапамогі склала парадку 16 млн еўра.

Па словах прэс-сакратара акцыі Алены Кулыгінай, гуманітарнай дапамогай былі ахоплены практычна ўсе населеныя пункты ўздоўж лініі размежавання на Данбасе. Яе атрымалі каля 70 тыс. найбольш неабароненых сем’яў – шматдзетных, няпоўных, малазабяспечаных, – маці з нованароджанымі дзецьмі, каля 80 тыс. дзяцей і 40 тыс. пенсіянераў. 90 тыс. чалавек атрымалі або атрымаюць у бліжэйшы час медыцынскую дапамогу – лекі, у тым ліку для анкахворых і хворых гепатытам С, а таксама сродкі асабістай гігіены. Каля 100 тыс. чалавек былі забяспечаны прадуктамі харчавання. Яшчэ для каля 10 тыс. чалавек былі праведзены работы па ўцяпленні і рамонту жылля.

Ход акцыі кантралюецца Дзяржаўным сакратарыятам Святога Пасаду і Папскай радай “Cor Unum” праз Апостальскую нунцыятуру ва Украіне.

Згодна з пажаданнем папы Францішка, прыярытэт маюць людзі з самымі вострымі патрэбамі, дзеці, пенсіянеры, адзінокія і няпоўнаспраўныя. Пры гэтым дапамогу атрымліваюць усе – і праваслаўныя, і пратэстанты, і мусульмане, і атэісты, падкрэсліў біскуп Ян Сабіла, кіраўнік спецыяльнага Тэхнічнага камітэта акцыі.

У цяперашні час вядзецца падрыхтоўка да другога этапу: вывучаюцца новыя гуманітарныя патрэбы жыхароў так званай “шэрай зоны” Данбаса, праводзяцца адпаведныя маніторынг і ўзгадненні.








All the contents on this site are copyrighted ©.