2017-03-21 16:02:00

Ватыкан: Лютэр і Рэфармацыя ў цэнтры дыскусій


29-31 сакавіка 2017 г. у Ватыкане пройдзе міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 500-годдзю Рэфармацыі. Форум арганізаваны Папскім камітэтам гістарычных навук. У яго рамках гаворка пойдзе пра Марціна Лютэра і Рэфармацыю ў гісторыка-эклезіяльным кантэксце.

Удзельнікі канферэнцыі – гісторыкі і тэолагі з Ватыкана, Італіі, Іспаніі, Германіі, Францыі, Галандыі і Мексікі. Завершыца форум экуменічным круглым сталом на тэму: “Перспектывы сустрэчы і скрыжавання двух раздзеленых шляхоў”. У ім прыме ўдзел былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Вальтэр Каспер, генеральны сакратар Міжнароднай тэалагічнай камісіі, айцей Серж Томас Баніно, лютэранскія пастары з Германіі і Нарвегіі, журналісты-ватыканісты выданняў “Frankfurter Allgemeine Zeitung” і “La Stampa”.

30 сакавіка, у рамках канферэнцыі адбудзецца канцэрт пад назвай “Музыка Рэфармацыі: Іаган Себасцьян Бах, Дзітрых Букстэхудэ, Генрых Шэйдэрман”. Музычная падзея будзе мець месца ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі на Тэўтонскіх могілках у Ватыкане.








All the contents on this site are copyrighted ©.