cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Каментарыі

Кардынал пракаментаваў візіт Папы ў Мілан

Кардынал пракаментаваў візіт Папы ў Мілан - AP

22/03/2017 14:30

За адзін дзень немагчыма пазнаць Мілан. Горад занадта вялікі і занадта складаны, лічыць кардынал Джанфранка Равазі. Старшыня Папскай рады па культуры, які паходзіць з Ламбардыі і да 2007 г. быў дырэктарам мясцовай Амбразіянскай бібліятэкі, падзяліўся з „Corriere della Sera” сваімі думкамі пра праграму суботняга візіту папы Францішка.

На яго думку, “Мілан з’яўляецца самым еўрапейскім з італьянскіх гарадоў”. Тое, што Папа для візіту выбраў прыгарад і пенітэнцыярную ўстанову Сан-Віторэ, дзе спыніцца на абед, факт вельмі красамоўны. Гэта таксама следства яго пастаяннага напаміну пра абяздоленых і выкінутых на ўзбочыну грамадства, падкрэсліў кардынал Равазі. 

Нягледзячы на тое, што іерарх не ведае, пра што Францішак будзе казаць у Мілане, ён спадзяецца, што Папа не абміне ўвагай той парадокс, што “ў такім інтэрнацыянальным горадзе ўкаранілася форма этнічнага нацыяналізму, форма самаабароны, якая з’яўляецца па сутнасці прымітыўнай, таму што няма магчымасці захаваць сваю ідэнтычнасць, не знаходзячыся на вялікай шахматнай дошцы свету”.

На пытанне, якім павінен быць пераемнік сыходзячага пасля папскага візіту на пенсію кардынала Анджэла Сколы, старшыня Папскай рады адказаў, што кім бы ён не быў, у яго будзе цяжкая задача: быць у стане стымуляваць мясцовы Касцёл да сацыяльнай салідарнасці, быць мужным, каб ставіць вялікія маральныя, рэлігійныя і экзістэнцыяльныя пытанні”.

Першым этапам візіту Францішка ў Мілан, які пройдзе 25 сакавіка 2017 г., стане наведванне дзвюх сем’яў, пасля чаго ён выступіць на гарадской плошчы з кароткім прывітальным словам да міланцаў і сустрэнецца з мясцовымі сем’ямі – італьянцамі, цыганамі, мусульманамі і мігрантамі.

Святы Айцец таксам наведае архікатэдральны касцёл, сустрэнецца з біскупамі і капітулам мітраполіі, а затым, з мясцовым духавенствам і законнікамі. Другая частка візіту пачнецца з візіту ў турму Сан-Віторэ, дзе Папа звернецца з прывітальным словам да кіраўніцтва і персаналу, сустрэнецца са зняволенымі і наведае некалькі турэмных камер. Там жа адбудзецца супольны абед.

Звянчаннем папскага візіту ў Мілан стане св. Імша ў гарадскім парку Монца, а затым, на стадыёне “Сан-Сіра”, Францішак сустрэнецца з маладымі людзьмі з Міланскай архідыяцэзіі, якія рыхтуюцца прыняць сакрамэнт канфірмацыі, іх бацькамі, хроснымі і катэхетамі.


22/03/2017 14:30