cацыяльныя сеткі:

RSS:

App:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Пантыфік: Езус перавязвае нашы раны дабрынёй і міласэрнасцю

Пантыфік: Езус перавязвае нашы раны дабрынёй і міласэрнасцю - L'Osservatore Romano

22/03/2017 11:26

“Наша надзея грунтуецца не на нашых здольнасцях і сіле, а на падтрымцы Бога і вернасці Яго любові”, - сказаў Францішак 22 сакавіка 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Спасылаючыся на фрагмент з Паслання да Рымлянаў (Рым 15,1-6), ён звярнуў увагу на дзе важныя для хрысціянскага жыцця і веры рысы: “цярплівасць” і “суцяшэнне”.

“Св. Павел нагадвае нам, што цярплівасць і суцяшэнне асаблівым чынам перадаюцца нам праз Святое Пісанне, гэта значыць праз Біблію. Па-першае, Божае слова сапраўды скіроўвае наш позірк на Езуса, дапамагае лепш пазнаць Яго і атаясамлівацца з Ім, станавіцца больш падобнымі на Яго. Па-другое, Божае слова адкрывае нам, што Пан сапраўды з’яўляецца “Богам цярплівасці і суцяшэння”, Які заўсёды застаецца верным сваёй любові да нас, гэта значыць, застаецца цярплівым у любові да нас, не стамляецца нас любіць! Ён цярплівы: заўсёды нас любіць! А таксама клапоціцца пра нас, перавязваючы нашыя раны пяшчотай сваёй дабрыні і міласэрнасці, гэта значыць суцяшаючы”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў таксама іншыя словы апостала Паўла: “Мы, моцныя, павінны насіць немачы слабых, а не дагаджаць самім сабе” (Рым 15,1).  

“Хто сустракае ў сваім жыцці верную любоў і суцяшэнне Бога, здольны, і нават мае абавязак, станавіцца блізкім да самых слабых братоў і браць на сябе іх слабасці. Калі мы прабываем у блізкасці з Панам, будзем мець сілу, каб быць у блізкасці з самымі слабымі, самымі патрабуючымі, суцяшаць іх і ўмацоўваць. Вось, што гэта значыць. Мы зможам рабіць гэта не дагаджаючы самім сабе, але ўспрымаючы сябе ў якасці простых “каналаў”, якія перадаюць дары Пана і, такім чынам, станем “сейбітамі” надзеі”, - заўважыў Папа.

Францішак адзначыў, што на такім ладзе жыцця будуецца супольнасць, члены якой становяцца “аднадумцамі паміж сабою паводле Езуса Хрыста”; супольнасць, дзе надзея пераўтвараецца ў канкрэтнае дзяленне і ўзаемнае служэнне; супольнасць, якая “аднымі вуснамі праслаўляе Бога”. 

“Усё гэта становіцца магчымым, калі ў цэнтр ставіцца Хрыстус і Яго слова, бо Ён “моцны”, Ён – гэта Той, хто нас умацоўвае, хто дае нам цярплівасць, надзею, суцяшэнне. Гэта Ён, толькі Ён з’яўляецца “моцным братам”, Які турбуецца пра кожнага з нас: усе мы маем патрэбу ў тым, каб быць узятымі на плечы Добрага Пастыра і адчуць сябе ахопленымі яго пяшчотным і клапатлівым позіркам”, - сказаў Папа.

Ён нагадаў, што “Айцец Пана нашага Езуса Хрыста аб’яўляецца як “Бог цярплівасці і суцяшэння”. “І тут мы пачынаем усведамляць, што наша надзея грунтуецца не на ўласных здольнасцях і сіле, але на падтрымцы Бога і вернасці Яго любові”, - завяршыў свае разважанні падчас агульнай аўдыенцыі папа Францішак.


22/03/2017 11:26