2017-03-22 16:21:00

Кардынал Паралін: адказаць на папулізм “добрай палітыкай”


“Папулізм – гэта прыкмета глыбокага недамагання многіх людзей у Еўропе, абцяжаранага доўгатрывалымі наступствамі эканамічнага крызісу і праблемамі міграцыі. Гэта толькі частковы адказ на складаныя праблемы”, - падкрэсліў 22 сакавіка 2017 г. кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у інтэрв’ю італьянскаму выданню “La Stampa”.

Па словах ватыканскага пурпурата, нельга недаацэньваць пашырэння папулізму, “бо нядаўняя гісторыя Еўропы паказвае, наколькі разбуральныя наступствы ён можа мець”. Адказаць на існуючыя праблемы, на яго думку, трэба з дапамогай “добрай палітыкі”: праз рашэнні, якія змогуць “пацвердзіць ідэал, указаць перспектыву для дзейнасці і даць канкрэтныя адказы”.

Каментуючы сёлетняе святкаванне 60-годдзя заключэння Рымскай Дамовы, якая стварыла аснову для будучага Еўрапейскага саюза, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі падкрэсліў, што ў фундаменце гэтага дакумента “было жаданне пераадолець падзелы мінулага і аддаць перавагу супольнаму падыходу ў вырашэнні выклікаў нашага часу”. “Святкаванне гэтай падзеі, нагадвае нам, што сёння яшчэ магчыма працаваць разам, бо тое, што нас аб’ядноўвае, больш важнае за тое, што падзяляе”, - сказаў ён. 

Кардынал Паралін нагадаў, што “душой еўрапейскага праекту” была “культурная, рэлігійная, прававая, палітычная і чалавечая спадчына, на якой Еўропа будавалася на працягу стагоддзяў”. Рым быў выбраны ў якасці месца падпісання дамовы менавіта па гэтай прычыне. “Гэта сімвал той супольнай спадчыны, важным элементам якой, канешне, з’яўляецца хрысціянства”, - дадаў ён.

Гаворачы аб міграцыйным пытанні, пурпурат заклікаў не разглядаць яго толькі праз прызму лічбаў і квотаў. Ён пагадзіўся, што наплыў мігрантаў у апошнія гады прымушае звяртаць больш увагі на праблему бяспекі. “Калі з аднаго боку нельга ігнараваць тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, то з іншага, трэба, каб і мігранты захоўвалі і паважалі законы і традыцыі народаў, якія іх прымаюць”, - сцвердзіў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Кардынал Дзяржсакратар адзначыў таксама важнасць хрысціянскага сведчання ў жыцці сучаснага еўрапейскага грамадства. “У гэтым кантэксце я лічу, што хрысціяне пакліканы пераканаўча даваць сваё жыццёвае сведчанне. “Сучасны чалавек больш ахвотна слухае сведкаў, чым настаўнікаў”, - казаў Павел VI. Ад хрысціян не чакаецца, каб штосьці сказалі, але каб прадэманстравалі ўласным жыццём шлях, якім трэба ісці”, - сказаў на заканчэнне інтэрв’ю галоўны ватыканскі дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.