2017-03-22 11:13:00

Лідэраў ЕС запрасілі на экуменічнае малітоўнае чуванне


Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін-членаў ЕС, якія ў канцы гэтага тыдня ў італьянскай сталіцы прымуць удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 60-годдзя падпісання Рымскай Дамовы, якая ўстанавіла Еўрапейскую эканамічную супольнасць, пасля аўдыенцыі ў Ватыкане, 24 сакавіка 2017 г. увечары запрошаны на спецыяльнае экуменічнае малітоўнае чуванне на плошчы XII апосталаў.

Узначаліць набажэнства кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Казанне прамовіць генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў Італіі, біскуп Нунцыа Галанціна. Сваім спевам малітву ўпрыгожыць праваслаўны хор.

Чуванне арганізавала федэрацыя больш за трох соцень супольнасцяў і рухаў розных Цэркваў і канфесій, прысутных на кантыненце. Удзельнікі памоляцца ў інтэнцыі Еўропы, і асабліва, за поспех у яе інтэграцыі.

Францішак прыме 24 сакавіка 2017 г. у Ватыкане кіраўнікоў краін Еўрапейскага Саюза. Гэта адбудзецца напярэдадні важнага саміту ЕС, які павінен даць гэтаму інстытуту новы напрамак пасля “Brexit”. Пантыфік прыме палітыкаў у 18.00 у Апостальскім палацы.

Трэба нагадаць, што Францішак у лістападзе 2014 г. наведаў штаб-кватэру Еўрапейскага парламента ў Страсбургу, а ў маі 2016 г. атрымаў Прэмію Карла Вялікага, якая прысуджаецца асобам, якія зрабілі выдатны ўнёсак у еўрапейскае адзінства.








All the contents on this site are copyrighted ©.