2017-03-22 10:45:00

Папа заклікаў ахвяраваць “24 гадзіны да Пана”


Францішак заклікаў вернікаў прыняць удзел у ініцыятыве “24 гадзіны для Пана”, прыступаючы да сакрамэнту споведзі. Духоўная акцыя пройдзе 24-25 сакавіка 2017 г. у дыяцэзіях усяго свету. 

22 сакавіка 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Пантыфік пажадаў, каб і “сёлета гэты прывілеяваны момант ласкі на велікапосным шляху” вернікі перажылі “дзеля атрымання досведу радаснай сустрэчы з міласэрнасцю Айца, Які ўсіх прымае і прабачае”.

Ініцыятыва “24 гадзіны для Пана” пройдзе ў Касцёле ўжо ў чацьвёрты раз. У яе рамках многія касцёлы па ўсім свеце будуць адкрыты на працягу сутак, каб да сакрамэнту споведзі магла прыступіць як мага большая колькасць людзей.

Духоўная акцыя нарадзілася як вынік Сіноду Біскупаў 2012 года, што быў прысвечаны тэме новай евангелізацыі, на якім стала ясна, што сакрамэнт споведзі павінен быць цэнтральнай часткай душпастырскага жыцця Касцёла. Правядзенне ініцыятывы “24 гадзіны для Пана” прапанавала ўсім дыяцэзіям свету Папская рада па новай евангелізацыі. Папа Францішак з самага пачатку падтрымаў яе.








All the contents on this site are copyrighted ©.