2017-03-24 12:02:00

Запрашэнне Папы ў Егіпет – мужны жэст “Аль-Азхар”


Запрашэнне Папы наведаць універсітэт “Аль-Азхар” у Каіры з’яўляецца “мужным жэстам, які пацягне за сабой непазбежную крытыку”. Так сказаў італьянскай газеце “Il Foglio” вучоны сакратар Міжнароднага фонду “Oasis”, які займаецца хрысціянска-мусульманскім дыялогам. 
Мікэле Брыньёнэ падкрэсліў важнасць запланаванай сустрэчы, хоць дадаў, што ўніверсітэт не прадстаўляе ўсіх мусульман у свеце, і нават не ўсіх сунітаў. Тым не менш, ён застаецца адным з самых уплывовых цэнтраў выкладання Карану.

У апошнія дні Дом фетваў, на чале якога стаіць вялікім муфтый Егіпту, правёў даследаванне больш чым 5 тыс. рэлігійных указанняў адносна хрысціян, выдадзеных мусульманскімі інстытутамі. 90% з іх займаюць адмоўную пазіцыю ў адносінах да паслядоўнікаў Хрыста, часцей за ўсё, прапануючы сацыяльную сепарацыю ад іх, а часам нават эканамічны падзел паміж вызнаўцамі двух рэлігій. Універсітэт “Аль-Азхар” крытыкуе падобныя рэкамендацыі.

28-29 красавіка 2017 г. Францішак здзейсніць Апостальскі візіт у Егіпет. Ён прыбудзе ў Каір па запрашэнні Прэзідэнта Егіпта Абдэля Фатаха Халіла эль-Сісі і каталіцкага епіскапату краіны, а таксама Патрыярха Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадраса ІІ і вялікага імама ўніверсітэта “Аль-Азхар”.

Папа накіруецца ў Каір, каб працягнуць дыялог з прадстаўнікамі ісламу, распачаты падчас візіту ў Ватыкан прафесара Ахмеда аль-Таеба, вялікага імама мусульманскага ўніверсітэта.

Плануецца, што ўдзел у мерапрыемствах, запланаваных падчас візіту Пантыфіка ў Каір, будзе прымаць і Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас II. Яе вернікі складаюць у Егіпце рэлігійную меншасць і адчуваюць пагрозу з боку радыкальнага іслама і экстрэмістаў. Апостальскае падарожжа Святога Айца павінна стаць пасланнем міру, адрасаваным усяму рэлігійнаму і палітычнаму свету.

Менавіта да абароны хрысціян у зонах канфліктаў на Блізкім Усходзе, спынення насілля і тэрарызму, вырашэння праблем шляхам дыялогу і перамоў заклікаў Пантыфік падчас сустрэчы ў лістападзе 2014 г. у Ватыкане з Прэзідэнтам Егіпта.








All the contents on this site are copyrighted ©.