2017-03-24 14:28:00

Папскі прапаведнік: смерць – гэта скачок у вечнасць


“Якім чынам Дух Святы асвятляе Пасхальную таямніцу” і таямніцу смерці Езуса і нашай? Над гэтым пытаннем запрасіў паразважаць прапаведнік Папскага дома, айцец Раньера Канталамеса падчас трэцяга велікапоснага казання 24 сакавіка 2017 г. у Ватыкане.
    
Паміж дзеяннем Святога Духа і смерцю Езуса на крыжы існуе моцная сувязь, сказаў законнік. Менавіта ад Духа Святога Сын Божы атрымаў “штуршок, каб ахвяраваць сябе дзеля Айца, і моц, якая падтрымлівала Яго ў час пакут”. Духа, атрыманага падчас хросту, Езус дае свету у хвіліну сваёй смерці на крыжы. Пра гэтую ўзаемнасць кажа і св. апостал Пётр: “Узнесены правіцаю Бога і атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, Ён праліў Яго, як вы бачыце і чуеце” (Дз 2, 33).

На працягу гісторыі чалавек вынаходзіў розныя спосабы інтэрпрэтацыі і стаўлення да факту непазбежнасці смерці, нагадаў Папскі прапаведнік. Старажытнагрэчаскі філосаф Эпікур лічыў яе “памылковай праблемай”, не вартай увагі: “Калі ёсць я, яшчэ няма смерці; калі ж ёсць смерць, ужо няма мяне”, - працытаваў яго капуцын. Іншыя задавольваюцца думкай, што жыццё працягваецца ў дзецях, у наступных пакаленнях. Асобныя вераванні прапануюць ідэю рэінкранацыі. Сёння ж і ўвогуле распаўсюджваецца сусветны рух, вядомы як “трансгуманізм”, - пасродкам новых тэхналогій чалавецтва імкнецца “прыпадобніцца Богу і перамагчы смерць”. Аднак, перасцярог айцец Канталамеса, з гісторыі аб стварэнні свету мы добра ведаем, чым можа скончыцца такая самаўпэўненасць.

“Існуе адзіны сапраўдны сродак ад смерці, і мы, хрысціяне, падманваем свет, калі не абвяшчаем гэтага словам і жыццём”, - сказаў Папскі прапаведнік і запрасіў шукаць найбольш глыбокае разуменне сэнсу крыжовай смерці Езуса у Божай любові. Езус памёр за кожнага з нас, каб зямныя пакуты і смерць мы ўспрымалі ў святле Божай ласкі.

Сваёй смерцю на крыжы Езус не адмяніў смерць чалавека, але падарыў яму надзею, бо паказаў шлях да жыцця вечнага. “Смерць – гэта скачок не ў пустэчу, але ў вечнасць. Гэта народзіны і хрост”, - дадаў айцец Канталамеса. Паміраючы, мы нараджаемся для жыцця вечнага і прымаем “хрост у смерць”, “каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці” (Рым 6,4).

Хрысціянства не імкнецца ўзмоцніць страх перад смерцю – наадварот, хоча выкараніць яго і "”здзяйсняе свой шлях, разважаючы не нашую смерць, але смерць Хрыста”, запэўніў прапаведнік.

Айцец Канталамеса запрасіў падчас Вялікага Посту асаблівым чынам засяродзіцца на ўрыўках з Евангелля, якія распавядаюць пра муку Езуса Хрыста, - гэтыя разважанні, упэнены законнік, здольныя назаўсёды перамяніць нашае жыццё.








All the contents on this site are copyrighted ©.