2017-03-25 13:45:00

Францішак да міланскага духавенства: не баяцца выклікаў


Францішак заклікаў не баяцца выклікаў, бо яны з’яўляюцца магчымасцямі для абноўленага абвяшчэння Евангелля. Аб гэтым ён сказаў падчас сустрэчы з духавенствам міланскай архідыяцэзіі, якая адбылася 25 сакавіка 2017 г. у мясцовай архікатэдры. Напачатку свайго візіту ў гэтую святыню Папа памаліўся ля грабніцы св. Карла Барамеа.

Па словах Святога Айца, выклікі з’яўляюцца добрымі для Касцёла, бо дазваляюць расці. “Гэта знак жывой веры, жывой супольнасці, якая шукае Пана і трымае адчыненымі вочы і сэрцы. Мы павінны баяцца веры без выклікаў, якая лічыць сябе дасканалай і не мае патрэбы не ў чым”, - сказаў Папа. 

Францішак распавёў, што евангелізацыя не заўсёды можа прыносіць імгенныя вынікі. Яна не з’яўляецца сінонімам рыбнай лоўлі. Абвяшчаючы Хрыста важна даваць сведчанне, а рыбны ўлоў збярэ Пан, перакананы Пантыфік.

Падчас сустрэчы закраналася пытанне аб ролі сталых дыяканаў у жыцці Касцёла. Папа адзначыў іх каштоўнасць, а таксама папярэдзіў аб небяспеках клерыкалізму і функцыяналізму, якія могуць спажарожнічаць іх працы. У першую чаргу дыяканат з’яўляецца служэннем, падкрэсліў ён.

Святы Айцец заклікаў не трапляць у роспач па той прычыне, што хрысціяне з’яўляюцца меншасцю ў сучасным грамадстве. Ён заклікаў Касцёл быць зачынам, які дае пачатак працэсам, а не проста займае месца. 

Нарэшце Пантыфік адзначыў важнасць дзейнасці Касцёла на экзістэнцыяльных перыферыях. “Вось шлях, якім вы павінны ісці. Рабіце выбар на карысць перыферый, давайце пачатак працэсам, запальвайце надзею, якая згасла і аслабла ў грамадстве, што стала неадчувальным да болю іншых”, - заклікаў Папа.

Пасля сустрэчы з духавенствам міланскай архідыяцэзіі Францішак накіраваўся ў мясцовую турму, каб наведаць зняволеных і паабедаць з імі.








All the contents on this site are copyrighted ©.