2017-03-27 11:21:00

Ватыкан: завяршылася сесія Камісіі па абароне непаўналетніх


Папская камісія па абароне непаўналетніх намерана знайсці новыя формы, каб даць голас ахвярам педафіліі. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльным паведамленні апублікаваным па выніках восьмай пленарнай сесіі структуры, якая прайшла 24-26 сакавіка 2017 г. у Ватыкане. 

У першую чаргу члены Камісіі падзякавалі за працу ірландскаму эксперту Мэры Колінс, якая напрыканцы лютага пакінула склад гэтай структуры. Адзначалася важнасць яе ўкладу ў абарону ахвяр злоўжыванняў і прадухілення насілля над непаўналетнімі, а таксама выказвалася падзяка за яе гатоўнасць працягваць працу ў фармацыйных праграмах для новых біскупаў і структур Рымскай курыі.

Было адзінадушна вырашана знайсці новыя шляхі для таго, каб праца Камісіі ажыцяўлялася ў больш блізкім супрацоўніцтве з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў. Многія ідэі былі падрыхтаваны для прадстаўлення Святому Айцу.

Гаворка ішла таксама пра камунікацыю паміж Папскай камісіяй і ахвярамі злачынстваў. Падкрэслівалася, што ў гэтым кантэксце вельмі важна непасрэдна і своечасова адказваць ахвярам, якія пішуць у структуры Апостальскай Сталіцы, і быць уважлівымі да карэспандэнцыі, што будзе паказчыкам развіцця празрыстасці. Пры гэтым адзначалася, што Камісія ўсведамляе складанасць гэтага задання, “улічваючы вялікі аб’ём і прыроду карыспандэнцыі”, а таксама патрэбу ў ясных і спецыфічных працэдурах. 

У ватыканскім паведамленні гаворыцца таксама, што члены Камісіі працягваюць дапамагаць мясцовым Касцёлам у іх абавязку абароны непаўналетніх праз візіты і канферэнцыі, а таксама сустрэчы з прадстаўнікамі епіскапатаў, якія прыбываюць у Рым у рамках візітаў “ad limina”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.