2017-03-27 13:47:00

Ватыканская бібліятэка працягвае знаёміць са сваёй гісторыяй


“Апостальская бібліятэка і мастацтва ў стагоддзе Асветы” – пад такой назвай выйшаў чацьвёрты том гісторыі Ватыканскай бібліятэкі. У працы над выданнем прынялі ўдзел каля дваццаці навукоўцаў. Яе ўзначаліла цяперашні дырэктар Ватыканскіх музеяў, спадарыня Барбара Ята. 

На пяціста старонках кнігі, упрыгожаных цудоўнымі выявамі, гаворка ідзе пра дзейнасць Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі ў ХVIII стагоддзі. Гэты перыяд з аднаго боку, пазначаны развіццём філасофіі і ўвядзенем навуковага метаду ў аналіз гістарычных дакументаў, а з іншага, Французскай рэвалюцыяй і смерцю ў выгнанні папы Пія VI. 

Выданне распавядае пра адкрыццё Апостальскай бібліятэкі на сучаснасць, а ў той жа час, пра згубу шматлікіх дакументаў і кніг, у выніку напалеонаўскай акупацыі Рыма.

“XVIII стагоддзе з’яўляецца вельмі далікатным і складаным для Касцёла перыядам. Нягледзячы на гэта Ватыканская бібліятэка працягвала ўсё больш ўзбагачацца. Яна няспынна станавілася пунктам звароту для міжнароднай культуры, узбагачалася новымі дарамі, развіваўся бібліятэчны музей. Усё гэта распавядаецца ў кнізе”, - падзяліўся яе суаўтар, былы дырэктар Ватыканскіх музеяў, прафесар Антоніа Паолучы.

Галоўны рэдактар выдання, спадарыня Барбара Ята, пачала працу ў Ватыканскай Апостальскай бібліятэцы ў 1996 годзе. Яна займала пасаду кіраўніка Кабінету медных гравюр, а ў 2010 годзе стала куратарам секцыі графікі Аддзелу друкаваных кніг.








All the contents on this site are copyrighted ©.