2017-03-28 15:08:00

Дзяржсакратар звярнуўся да экспертаў у сельскай гаспадарцы


Асоба павінна знаходзіцца ў цэнтры сельскагаспадарчага сектара, падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Бліжэйшы супрацоўнік Папы скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Форума дзеля будучыні сельскай гаспадаркі (The Forum for the Future of Agriculture), які прайшоў 28 сакавіка 2017 г. у Брусэлі.

Існуе патрэба у большых намаганнях на карысць сельскагаспадарчага сектара, каб кожны чалавек меў доступ да здаровай ежы і мог харчавацца згодна з уласнымі патрэбамі, заўважыў пурпурат. “Усё больш відавочнай становіцца патрэба ў тым, каб паставіць у цэнтр усіх дзеянняў асобу, як суб’екта сельскагаспадарчай працы, работніка эканамічнага сектара і спажыўца”, - дадаў ён.

Паводле кардынала, у сучасным кантэксце неабходна ўлічваць блізкую сувязь паміж сельскай гаспадаркай, аховай стварэння, эканамічным ростам, развіццём і патрэбамі насельніцтва свету. Ён заклікаў надаць большую ўвагу самым уразлівым часткам планеты, дзе людзі выключаны з вытворчых працэсаў, пакутуюць ад беспрацоўя і хранічнага недаядання і часта “вымушаны пакідаць свае землі” шукаючы прытулку і надзеі для жыцця.

Усе намаганні павінны быць скіраваны, перш за ўсё, на стварэнне такіх умоў, пры якіх кожная краіна зможа павялічваць свае рэсурсы, каб дасягнуць задавальняючай харчовай сітуацыі, падубаваць новыя мадэлі развіцця і спажывання, пры якіх будуць цаніцца малыя вытворцы і захоўвацца лакальныя экасістэмы і біяразнастайнасць.

Форум дзеля будучыні сельскай гаспадаркі праходзіў ужо ў дзесяты раз. Традыцыйна на ім збіраюцца эксперты і прадстаўнікі сельскагаспадарчага сектара, якія абменьваюцца ідэямі адносна умацавання ўстойлівасці ў ланцугу, які прадукты харчавання праходзяць пачынаючы ад фермерскай гаспадаркі да абедзенага стала спажыўцоў.  








All the contents on this site are copyrighted ©.