2017-03-28 12:24:00

Святы Айцец: не дазваляць роспачы паралізаваць сябе


Верыць у Езуса Хрыста – значыць прымаць сваё жыццё такім, якім яно ёсць і крочыць наперад з радасцю і без нараканняў, не дазваляючы граху роспачы паралізаваць сябе, адзначыў папа Францішак 28 сакавіка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі ён спаслаўся на літургічнае евангельскае апавяданне пра аздараўленне Езусам паралізаванага мужчыны, які трыццаць восем гадоў сядзеў ля купальні і не мог увайсці ў ваду, каб вярнуць сабе здароўе (Ян 5, 1-3а. 5-16). Калі Хрыстус убачыў гэтага чалавека, то адразу спытаў: “Ці хочаш быць аздароўленым?”. “Езус заўсёды кажа нам гэта: ці хочаш быць аздароўленым? Ці хочаць быць шчаслівым? Ці хочаш палепшыць тваё жыццё? Ці хочаш быць напоўненым Святым Духам?”, - лічыць Францішак. 

Ён заўважыў, што хворыя, сляпыя, кульгавыя і паралізаваныя, якія былі там, напэўна адказалі б: “Так, Пане, так!”. “Але гэты дзівак сказаў Езусу: “Пане, я не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзварушыцца вада. Пакуль я іду, іншы ўжо сыходзіць перада мною”. Яго адказ, паводле Папы, гэта нараканне: маўляў, “паглядзі Пане, якім дрэнным, якім несправядлівым было жыццё да мяне. Усе іншыя могуць пайсці і аздаравіцца, а я ўжо спрабую трыццаць восем гадоў”.

Францішак параўнаў гэтага чалавека з дрэвам, пасаджаным уздоўж рачных патокаў, але якое мела сухія карані, бо яны не дацягваліся да вады. Гэты чалавек наракаў і абвінавачваў іншых. Ён быў хворым на роспач, а гэта, паводле Папы, яшчэ горш, чым мець цёплае сэрца. Людзі, якія прабываюць у такім стане, выклікаюць ўражанне, што жывуць толькі таму што за кісларод не трэба плаціць, яны не маюць жадання крочыць наперад, рабіць штосьці са сваім жыццём і забываюць пра радасць. 

Святы Айцец заўважыў, што Езус не папракаў евангельскага паралізаванага за адчай, але сказаў яму: “Устань, вазьмі ложа сваё і хадзі”. Таксама і сёння Пан глядзіць на кожнага з нас, глядзіць на наш грэх – бо мы ўсе мы маем грахі, усе з’яўляемся грэшнікамі – і кажа: “Устань, прымі сваё жыццё такім, якім яно ёсць, цудоўным ці кепскім, але прымі яго і кроч наперад. Не бойся, ідзі наперад са сваім ложам”, - заклікаў Францішак і дадаў, што просячы ў Бога аб дапамозе і аздараўленні можна пазнаць, што такое сапраўдная радасць збаўлення.








All the contents on this site are copyrighted ©.