cацыяльныя сеткі:

RSS:

App:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

У Беларусі плануецца правядзенне першага “pro-life” кангрэсу

У Беларусі плануецца правядзенне першага “pro-life” кангрэсу - AFP

29/03/2017 16:57

У Беларусі плануецца правядзенне першага “pro-life” кангрэсу. Меркаваная дата правядзення форума – канец 2018 года. Кансультацыі на гэты конт вядуцца з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і Радай па справах сям’і Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё старшыня Дабрачыннага фонду “Адкрытыя сэрцы”, Уладзіслаў Валаховіч. 

“На гэтым кангрэсе, які мы хочам правесці ў Мінску, мы жадае ўзняць такія актуальныя праблемы, якія шырока прысутнічаюць на еўрапейскім полі, але яшчэ не зусім прыйшлі да нас. Маюцца на ўвазе пагрозы гендэрнай ідэалогіі, пра якую ў Беларусі няшмат чутна, але якая распаясалася ў іншых краінах Еўропы і знішчае сем’і, сужэнствы, вобраз Божы ў чалавеку. Чалавек быў задуманы, як мужчына і жанчына, а нам тут раптам прануюць на выбар пяць ці шэсць гендэраў”, - адзначыў Уладзіслаў Валаховіч.

Іншай важнай тэмай, якая будзе ўзнята на форуме, стане негатыўны ўплыў на беларускае грамадства дзейнасці некаторых міжнародных арганізацый, такіх як Сусветная арганізацыя аховы здароўя ААН, Фонд ААН у галіне народанасельніцтва, якія прасоўваюць кантрацэпцыю і аборты.

“Мы хочам раскрыць механізмы дзеяння гэтых арганізацый і паказаць, што калі Беларусь сапраўды хоча быць незалежнай, яна ў першую чаргу павінна быць незалежнай ад тых міжнародных лобі, якія прасоўваюць антыхрысціянскія, антысямейныя, вельмі небяспечныя рэчы, што фінансуюцца самымі багатымі людзьмі на планеце, напрыклад такімі як Джордж Сорас, Біл Гейтс і іншымі, зацікаўленымі ў тым, каб нас увогуле не было на свеце. Каб была толькі наша тэрыторыя, але не было людзей”, - лічыць старшыня “Адкрытых сэрцаў”.

Члены фонда “Адкрытыя сэрцы” рэгулярна наведваюць аддзяленні неадкладнай гінекалогіі, так званыя “абартарыі”, дзе моляцца і праводзяць кансультацыі з жанчынамі, якія звяртаюцца да гэтых структур. Паводле Уладзіслава Валаховіча, здараліся выпадкі, калі жанчыны за гадзіну да запланаванага аборту вырашаліся захаваць жыццё свайму дзіцяці.

“Такіх выпадкаў у нас ужо 124 і я веру, што на самой справе іх больш, бо з нас узялі прыклад іншыя “pro-life” арганізацыі, якія заснаваны ўжо не католікамі, а праваслаўнымі. Дзякуючы намаганням гэтых арганізацый у Беларусі ў 2014 г. нарэшце дазволілі абавязковае перадабортнае кансультаванне. У закон аб ахове здароўя была зроблена папраўка, згодна з якой кожная жанчына перад абортам павінна атрымаць кваліфікаваную псіхалагічную дапамогу”, - сказаў ён.

Кіраўнік “Адкрытых сэрцаў” лічыць, што дзякуючы гэтай ініцыятыве ў 2016 годзе ў Беларусі атрымалася захаваць жыццё каля 2-3 тыс. дзяцей. Акрамя таго,  урачы атрымалі права на адмову ад аборту, спасылаючыся на свабоду сумлення. Калі рыхтаваліся папраўкі ў гэты закон фонд зрабіў шмат працы, звяртаючыся да канкрэтных дэпутатаў і міністэрстваў. 

Дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы” быў зарэгістраваны ў 2009 годзе. На сённяшні дзён ён налічвае каля 70 актыўных валанцёраў, якія дзейнічаюць ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі. Акрамя працы ў аддзяленнях неадкладнай гінекалогіі і зваротаў да ўладаў, актывісты гэтай арганізацыі выступаюць у якасці дарадчыкаў сямейнага жыцця пры парафіях, рыхтуюць будучых сужонкаў, праводзяць выставы ў дзяржаўных навучальных установах і каталіцкіх структурах, з якімі за апошнія два гады пазнаёміліся каля 20 тыс. чалавек.


29/03/2017 16:57