cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Францішак: Божая надзея выходзіць за межы любой надзеі

Францішак: Божая надзея выходзіць за межы любой надзеі - ANSA

29/03/2017 11:36

Абрагам з’яўляецца не толькі айцом веры, але і айцом надзеі, бо ў яго гісторыі можна ўбачыць абвяшчэнне ўваскрашэння і новага жыцця, што перамагае зло і саму смерць, падкрэсліў Францішак 29 сакавіка 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. 

“У гісторыі Абрагама ўсё становіцца гімнам праслаўлення Бога, Які вызваляе і адраджае, усё становіцца прароцтвам, таксама і для нас, якія зараз распазнаем і цэлебруем спаўненне ўсяго гэтага ў пасхальнай таямніцы. Бог сапраўды “ўваскрасіў з мёртвых Езуса”, каб і мы маглі ў Ім перайсці ад смерці да жыцця. Таму, насамрэч, Абрагам можа звацца “айцом многіх народаў”, бо ззяе як абвяшчэнне новага чалавецтва, адкупленага Хрыстом ад граху і смерці, уведзенага, аднойчы і назаўсёды, у любячыя адбымкі Бога”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, існуе блізкая сувязь паміж верай і надзеяй, што пацвярджаюць словы апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў: “ён насуперак надзеі паверыў з надзеяй” (Рым 4,18).

“Наша надзея грунтуецца не на разважаннях, прагнозах і чалавечых запэўненнях. Яна праяўляецца там, дзе больш няма надзеі, дзе няма нічога, на што можна было б спадзявацца, як у сітуацыі Абрагама, перад абліччам яго блізкай смерці і бясплоднасці яго жонкі, Сары. Яны не мелі выйсця, не маглі мець дзяцей і менавіта ў гэтай сітуацыі Абрагам паверыў і меў надзею насуперак любой надзеі. Гэта цудоўна! Вялікая надзея караніцца ў веры, і менавіта таму яна можа выйсці за межы любой надзеі. Так, бо яна абапіраецца не на наша слова, а на слова Бога”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў наследаваць прыклад Абрагама, які нават перад абліччам рэчаіснасці, што здавалася вяла да смерці, даверыўся Богу, будучы цалкам упэўненым, што Ён мае моц выканаць абяцанае. 

“Гэта з’яўляецца парадоксам і ў той жа час самым моцным, самым высокім элементам нашай надзеі! Надзея заснавая на абяцанні, якое з чалавечага пункту гледжання можа здавацца кволым і непрадказальным, але гэта надзея не слабее нават перад абліччам смерці, бо тым хто даў гэтае абяцанне, з’яўляецца Бог уваскрашэння і жыцця. Гэта абяцае не хтосьці, а сам Бог уваскрашэння і жыцця”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў вернікаў прасіць у Бога ласку надзеі, заснаваную не на ўласным патэнцыяле, а на Божым абяцанні, па прыкладзе Абрагама. “Тады наша жыццё заззяе новым святлом, з усведамленнем, што Той, хто ўваскрасіў свайго Сына, уваскрасіць таксама і нас, і зробіць нас па-сапраўднаму з’яднанымі з сабой, разам з усімі нашымі братамі ў веры”, - пажадаў Пантыфік на заканчэнне сваёй катэхезы.


29/03/2017 11:36